Эўфарыя прэзыдэнцкай гонкі набліжаецца да свайго піку. Трэба прызнаць, Творца гісторыі расклаў цікавы пасьянс. Як ні стараўся «бацька хлусьні» зачысьціць самых небясьпечных апанэнтаў, а застаўся супраць яго самы моцны апанэнт, то бок апанэнтка, піша Зьміцер Дашкевіч.
Страшны сон узурпатара: прыгожая гісторыя, народная шчырасьць, адсутнасьць палітычных зашквараў — і дзясяткі тысяч на вуліцах. Тут ёсьць ад чаго ўпасьці ў псыхоз тыраніі і патануць у эўфарыі ўсім астатнім. Дальбог, я б і сам патануў. Але ў фізычным вымярэньні мяне спыняюць даўгі, якія па дзесяць гадзін на суткі трэба адпрацоўваць, а ў духоўным — Курапаты, якім усяго толькі па 4 гадзіны на тыдзень я прысьвячаю.
Але гэтыя чатыры гадзіны мала каму цікавай варты прымушаюць мяне задумацца, чаму з намі сёньня ўсё гэта адбываецца і што будзе адбывацца заўтра. Я стараўся ніколі не гаварыць пра тое, што будзе наперадзе; і я не прарок, каб сказаць, што будзе заўтра. Але пра тое, што будзе заўтра, ня трэба прароцтва — пра гэта сьведчыць аб’ектыўная рэчаіснасьць сёньняшняга дня.
А сёньня мы дзейнічаем гэтаксама, як дзейнічалі ўчора. І хоць «новая апазыцыя» пачала з крытыкі — і нават, магчыма, слушнай крытыкі — «старой апазыцыі», але ў дзейнасьці сваёй паўтарыла тую ж асноўную памылку — арганізавала змаганьне супраць наступстваў, а не прычынаў. Мы ў сёньняшняй эўфарыі зноў разважаем так, быццам дыктатар зваліўся нам на галаву з Марса. Ніхто ня хоча ўспамінаць, што ў 1994 годзе марсіяніна, які агітаваў за Савецкі Саюз, выбралі ўсенародна самі — 80% прыйшлі і прагаласавалі за вяртаньне ў савок.
На жаль, мы дагэтуль не зразумелі прычыну, зь якой запанавала над намі дыктатура — і менавіта таму мы ня можам адказаць, чый Крым. У ХХ стагодзьдзі Масква акупавала палову сьвету, а ў ХХІ мы з сурʼёзным выразам твару разважаем, што пра анэксію «брацкім народам» чужой зямлі сказаць праўду нельга, бо гэта падзяляе людзей.
Мы дагэтуль не зразумелі прычыны, па якой у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў курапацкую яму леглі больш за сто беларускіх паэтаў і грамадзкіх дзеячаў — і менавіта таму мы ўсурʼёз разважаем пра тое, можна ці ня можна грамадзкім дзеячам ужываць родную мову, бо на ёй ніхто не гаворыць. Мы дагэтуль не зразумелі прычыны, зь якой спэцназ проста ў парлямэнце зьбіваў у 1995 годзе галадаючых за бел-чырвона-белы сьцяг дэпутатаў — і менавіта таму мы цягаем на мітынгі сымбаль дыктатуры — чырвона-зялёную брыду.
Я б зразумеў, каб усё гэта адбывалася зь людзьмі па той бок барыкадаў. Вось прыйшлі б якія «макеі» ўвечары 29 кастрычніка ў Курапаты пад чырвона-зялёным сьцягам — я б ім пакланіўся, сказаўшы: стойце, а прыйдзе дзень — возьмеце ў рукі сапраўдны сьцяг. Вось прыйшлі б на Бангалор пад чырвона-зялёным сьцягам «румасы» — можна было б папляскаць ім у ладкі! Я і дзеці майго пакаленьня ў 1995 годзе плакалі, калі лукашысты дралі на шматкі бел-чырвона-белы сьцяг. А сёньня людзі, якія быццам бы ведаюць праўду, бяруць сымбаль дыктатуры і фальсыфікацыяў ды йдуць пад ім цалавацца з сымбалем праўды — каб падмануць усіх, што і чырвона-зялёныя супраць Лукашэнкі. Меншай хлусьнёй мы хочам перамагчы вялікую хлусьню. І так 26 гадоў. Усе 26 гадоў мы ня можам зразумець галоўнае — што такое Лукашэнка? Менавіта таму 9 жніўня пераменаў, на жаль, не адбудзецца. Хоць я перакананы, перамены вельмі блізка.
Я думаю, усё, што адбываецца з намі — гэта лягічны, заканамерны рух, у якім сёньняшні дзень сьведчыць пра дзень заўтрашні. На самым захадзе імпэрыі зла, у канцы 80-х, мала хто мог нават уявіць, што празь некалькі гадоў разваліцца «союз нерушимый». Сяргей Навумчык сьведчыць, што дзесяць, максымум сто чалавек маглі ў 1988-м пра гэта падумаць. І вось 3 чэрвеня 1988 году грамадзтва скалынае праўда пра Курапаты, і на Дзяды ва ўрочышчы праходзіць першы антыкамуністычны мітынг — на ім лунае першы ў найноўшай гісторыі Бел-чырвона-белы сьцяг. А ўжо ў 1991 годзе Беларусь становіцца незалежнаю, а камуністычная партыя забараняе сама сябе.
Нічога няма новага пад небам; што было, тое ёсьць, і тое будзе — пісаў самы мудры жыхар плянэты, і таму я пэўны: мы на парозе пераменаў. Але Творца гісторыі ня будзе іх рабіць дзеля таго, каб адно прозьвішча памянялася на іншае ці каб вялікую хлусьню замяніць на маленькую хлусьню. Перамены будуць дзеля таго, каб хлусьню замяніла праўда, а ў грамадзтве адбыліся глыбінныя, сьветапоглядныя зрухі.
Перамены адбудуцца тады, калі нацыя пачне думаць аб прычынах зьяваў, а ня іхных наступствах; калі мы ўсьвядомім галоўнае: што такое Лукашэнка? Лукашэнка — гэта камунізм, а што такое камунізм, тлумачаць нам сёньня Курапаты. Курапаты крычаць пра гэта трэці год запар. Толькі ці адкрыем мы вушы, каб пачуць гэты крык? Ці прыйдзем мы ў Курапаты, каб усьвядоміць прычыну камунізму і ў ёй пакаяцца? Думаю, прыйдзем. Творца гісторыі рыхтуе нас да гэтага дня, у які і адбудуцца перамены.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.