Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аб мяне выцерлі ногі». Гісторыя кіраўніка з райцэнтру, звольненага за пратэсты


Віктар Фрыцлер (у цэнтры, са сьцянам) падчас акцыі пратэсту ў Дрыбіне
Віктар Фрыцлер (у цэнтры, са сьцянам) падчас акцыі пратэсту ў Дрыбіне

Жыхар Дрыбіна (Магілёўская вобласьць) Віктар Фрыцлер апавядае Свабодзе, як ён, пасьпяховы кіраўнік, стаў беспрацоўным пасьля ўдзелу ў пасьлявыбарчых пратэстах.

Віктар Фрыцлер судзіцца зь мясцовым райвыканкамам за аднаўленьне на пасадзе дырэктара Цэнтру фізкультурна-масавай і спартовай работы. Ён кажа, што пасьля шасьці гадоў пасьпяховай працы яго звольнілі за ўдзел у пратэсьце супраць вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў.

У райвыканкаме прычыну спыненьня працоўных адносінаў са спэцыялістам называць адмаўляюцца. Фармальна яго звольнілі на ініцыятыву наймальніка.

Пра Віктара Фрыцлера

Віктар Фрыцлер
Віктар Фрыцлер
  • 31 год. З Дрыбіна. Нежанаты.
  • Скончыў у Магілёве ўнівэрсытэт імя Куляшова па спэцыяльнасьці «сацыялёгія, паліталёгія».
  • Працаваў інжынэрам-праграмістам на «Белпошце». Некалькі гадоў рабіў у Расеі.
  • Дырэктарам Цэнтру фізкультурна-масавай і спартовай работы стаў у 2014 годзе на прапанову райвыканкаму.

«Зь мяне зрабілі дывэрсанта»

Па словах Віктара Фрыцлера, гісторыя з звальненьнем пачалася з прызначэньня яго чальцом адной зь мясцовых участковых камісіяў.

На гэту працу пагадзіўся без асаблівага жаданьня, але адмовіцца ад прапановы начальства не выпадала. Пазьней у вузкім коле знаёмцаў ён абмовіўся, што ў выпадку фальсыфікацыяў падпісваць выніковы пратакол ня будзе. Пасьля таго выказваньня стаўленьне кіраўніцтва да яго стала насьцярожаным.

1 жніўня Віктар Фрыцлер на сваёй старонцы «УКантакце» апублікаваў пост, у якім сярод іншага адзначыў, што цяпер «беларуская культура адчувае небывалы ўздым». Ён кажа: допіс быў нэўтральны, але дастатковым для прафіляктычнай гутаркі ў раённай міліцыі. Яму ўдалося давесьці апэратыўнікам, што ў ягоным камэнтары «крыміналу і антыдзяржаўнай прапаганды» няма.

Віктар Фрыцлер (зьлева, трымае сьцяг) на пратэсьце ў Дрыбіне
Віктар Фрыцлер (зьлева, трымае сьцяг) на пратэсьце ў Дрыбіне

«Тады ва ўладзе запанавала паніка і вёўся пошук людзей „зь няправільнымі поглядамі“, — згадвае Віктар. — Безумоўна, выклік у міліцыю мяне зьдзівіў. Пасьля гутаркі разышлася пагалоска, што нібыта я праваахоўнікаў падмануў, і вакол мяне пачаўся сур’ёзны варушняк. Зь мяне сталі рабіць дывэрсанта».

Далей, па словах мужчыны, яму даручылі падабраць для ўрачыстага адкрыцьця канцэрту напярэдадні выбараў групу дзяцей з гадаванцаў спарткомплексу. Райвыканкам распрацаваў праграму, якой, як кажа Фрыцлер, ён і кіраваўся. Аднак мужчыну абвінавацілі ў падрыхтоўцы правакацыі.

Нечакана ён стаў «кантактам першага ўзроўню па каранавірусу» і быў адпраўлены на тыдзень у самаізаляцыю. Тым часам у Дрыбінскім раёне афіцыйна за Лукашэнку прагаласавалі больш за 90 працэнтаў выбарнікаў. Такую лічбу суразмоўца называе «нарысаванай».

«Звольнілі за пратэст»

Віктар Фрыцлер кажа: выбары і «пекла» пасьля іх ён назіраў у рэжыме онлайн. Як скончылася самаізаляцыя 16 жніўня, пайшоў на пратэст жыхароў райцэнтру, якія не прызналі вынікаў выбараў і выступілі супраць гвалту сілавікоў. Паводле яго, шэсьце і мітынг сталі для райцэнтру «гістарычнай вяхой».

«Для Дрыбіна пратэст быў вялізны, — згадвае ён. — Народ тут апалітычны, але сытуацыя з гвалтам яго скаланула. Як выходзіў з дому, то думаў, што на пратэст зьбярэцца дзясятак чалавек, але прыйшлі больш за 100. Для трохтысячнага Дрыбіна гэта шмат».

Пратэст у Дрыбіне
Пратэст у Дрыбіне

Віктар Фрыцлер адзначае, што ўдзельнікаў здымала на відэа міліцыя. Гвалту і агрэсіі зь іх боку не было. Дрыбінцы пратэставалі на цэнтральнай плошчы 17 і 18 жніўня. Праз тыдзень міліцыя «выявіла 6 актыўных пратэстоўцаў», сярод якіх быў і Віктар. За ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах» кожнаму «выпісалі пракурорскія папярэджаньні». Суразмоўца кажа, што пасьля «паказной лупцоўкі» людзі зьбірацца перасталі. Ягоны ж удзел у пратэсьце стаў нагодай для звальненьня.

«Пад ціскам начальства я падпісаў дадатковае пагадненьне да кантракту, — тлумачыць ён. — У ім зьявіўся пункт пра кампэнсацыю ў выпадку спыненьня працоўных адносінаў у аднабаковым парадку. 2 верасьня без тлумачэньня прычынаў мяне звольнілі».

Райвыканкам: «Пра Фрыцлера камэнтароў не даём»

Пазваным у спрэчцы выступаў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкаму. Паводле Фрыцлера, у судзе чыноўнікі адмовіліся назваць прычыну скасаваньня працоўнага кантракту. У загадзе аб звальненьні фігуруе 2 частка 257 артыкулу Працоўнага кодэксу, згодна зь якім наймальнік мае права спыняць працоўныя адносіны з работнікам на сваю ініцыятыву і прычыны тлумачыць не абавязаны.

Загад аб звальненьні Віктара Фрыцлера
Загад аб звальненьні Віктара Фрыцлера

Начальніца аддзелу Марына Панчанка ў тэлефоннай гутарцы з журналістам адмовіліся гаварыць пра звольненага супрацоўніка. «Я пра Віктара Фрыцлера камэнтароў не даю. Зьвяртайцеся ў суд», — адзначыла яна.

У раённым судзе паведамілі: Віктару Фрыцлеру не задаволілі пазоў у аднаўленьні на працы, а таксама спагнаньні з наймальніка сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу і 500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Пазоўнік заяўляе, што падасьць апэляцыю ў Магілёўскі абласны суд.

«Цяпер непажаданы сыстэме...»

Віктар Фрыцлер называе звальненьне абсурдным. Ён кажа, што зь ім на пачатку году падпісалі кантракт на наступную пяцігодку. Тады ж начальства не адпусьціла яго ў суседнія Горкі, дзе яму прапаноўвалі вышэйшую пасаду.

«Мне даводзілі, што я патрэбен тут, — кажа Віктар, — а цяпер выходзіць, што аб мяне выцерлі ногі».

На ягоную думку, чыноўнікі спалохаліся людзкой незадаволенасьці і вырашылі ахвяраваць ім, каб засьведчыць вышэйшаму начальству, што «бунтар выяўлены і ўжо не працуе ў дзяржаўнай структуры».

Віктар Фрыцлер лічыць, што мінімальны спадзеў перамагчы ў судзе чыноўнікаў захоўваецца. Калі гэта не ўдасца, то працы ў раёне яму не знайсьці. Паводле ягоных зьвестак, такую ўстаноўку даў райвыканкамам.

Група падтрымкі Віктара Фрыцлера на судзе. Сам ён у цэнтры
Група падтрымкі Віктара Фрыцлера на судзе. Сам ён у цэнтры

«Давядзецца зьяжджаць, бо цяпер я непажаданы сыстэме. Дарога закрытая і ў Горкі, дзе мне прапаноўвалі пасаду», — мяркуе ён.

Ад пасьпяховага кіраўніка да «непажаданага спэцыяліста»

Віктар Фрыцлер хоча вярнуцца на сваю пасаду, бо цэніць тое, чаму аддаў 6 апошніх гадоў жыцьця.

Па словах суразмоўцы, усё ягонае жыцьцё зьвязана з Дрыбінам. У райцэнтры яго ведаюць як захопленага спортам чалавека. У маладосьці ўдзельнічаў у розных спаборніцтвах і нярэдка перамагаў. Прапанова ў 2014 годзе ўзначаліць мясцовы спарткомплекс стала для яго нечаканай. Ён пагадзіўся і не шкадуе, бо «ягоная праца карысная людзям». Цяпер, кажа ён, землякі падтрымліваюць яго ў барацьбе з чыноўнікамі.

Віктар Фрыцлер настойвае: за шэсьць гадоў працы нараканьняў да выкананьня ім службовых абавязкаў не было. Ягоны партрэт нават вісеў на раённай дошцы гонару. Пра яго часта пісала мясцовая раёнка.

Спарткомплекс пасьпяхова разьвіваўся, кажа ён: «Апошнія тры гады ўстанова працавала з нулём у графе бюджэтных асыгнаваньняў на правядзеньне мерапрыемстваў».

Каманду ў міні-футболе стварылі на базе спарткомплексу
Каманду ў міні-футболе стварылі на базе спарткомплексу

«Мы навучылася зарабляць на платных паслугах насельніцтву і павялічылі базу спартовага інвэнтару, у тым ліку дзякуючы ўдзелу ў праектах, якія фінансаваў Эўразьвяз. На эўрапейскія інвэстыцыі набылі два дзясяткі ровараў», — адзначае былы кіраўнік цэнтру.

Ён кажа, калі пачынаў працаваць, мясцовая сфэра спорту была ў заняпадзе. Цяпер Віктара турбуе, што будзе далей. Паводле суразмоўцы, для чыноўнікаў галоўнае было — пазбавіцца «непажаданага спэцыяліста».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG