У дачыненьні да 19 грамадзян Беларусі, якія распаўсюджвалі ў інтэрнэце зьвесткі пра супрацоўнікаў міліцыі, завялі крымінальныя справы, паведаміла прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму.
Міліцыя працягвае шукаць тых, хто на розных інтэрнэт-рэсурсах публікуе зьвесткі пра супрацоўнікаў міліцыі і іх сваякоў, абражае і пагражае праваахоўнікам, удакладняецца ў паведамленьні.
У сярэдзіне верасьня міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў накіраваў у пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу зварот, у якім расказаў пра неабароненасьць сваіх супрацоўнікаў, якія выступаюць сьведкамі падчас адміністрацыйных працэсаў, і прапанаваў зьмяніць закон, каб абараніць іх і іхныя сем’і.
Сярод іншага Караеў прапанаваў шэраг захадаў, каб запэўніць бясьпеку міліцыянтаў, якія выступаюць сьведкамі на судах: неразгалошваньне іх асабістай інфармацыі, вызваленьне ад яўкі ў суд, закрыты разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні, забарона на выдачу зьвестак.
Пасьля гэтага на судах супраць удзельнікаў акцый пратэсту і апанэнтаў рэжыму пачалі сьведчыць людзі ў балаклавах, якія называліся выдуманымі імёнамі накшталт «Іваноў Іван Іванавіч».