Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На адвакатку Калесьнікавай Людмілу Казак склалі два пратаколы. Сьведкі — «Івановы Іваны Іванавічы»


Адвакатка Людміла Казак
Адвакатка Людміла Казак

На Людмілу Казак, якая абараняе сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву, склалі пратаколы паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне супрацоўнікаў міліцыі.

Як расказалі Tut.by адвакаты Віктар Мацкевіч і Сьвятлана Гарбаток, яны не маглі трапіць да кліенткі больш за тры гадзіны. Адміністрацыя спачатку спасылалася на карантын, потым — на «ўнутраныя мерапрыемствы» ў ІЧУ. У выніку пусьцілі па адным.

Са словаў Людмілы Казак, трое мужчын яе схапілі на вуліцы Камуністычнай, калі яна падыходзіла да машыны.

«Адзін супрацоўнік АМАП, астатнія невядома хто, у масках. Прывезьлі ў Цэнтральнае РУУС, размаўляў супрацоўнік Вусік. Склалі пратаколы за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне супрацоўнікаў міліцыі. Нібыта 30 жніўня яна была на акцыі на праспэкце Пераможцаў, хоць на самой справе ў гэты дзень у ГЦ „Галілеа“ з дачкой куплялі рэчы да школы. Сьведкамі ў пратаколах пазначаныя „Івановы Іваны Іванавічы“ — асобы, чые пэрсанальныя зьвесткі зьмененыя», — паведаміў Віктар Мацкевіч.

Паводле Людмілы Казак, супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе «напышліва і па-хамску», называлі «дамочка», казалі, што яна павінна падпарадкоўвацца іх патрабаваньням. Цалкам ігнаравалі заявы, што ёй трэба на судовае паседжаньне.

«Людміла папрасіла пазваніць мужу Віктару Чайчыцу (кіраўнік Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў), Аляксею Швакаву (старшыня Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў), выклікаць „хуткую“. Тыя патрабавалі разблякаваць тэлефон, яна адмовілася. Ва ўсіх пратаколах і ў асобных скаргах пісала, што гэта перасьлед за прафэсійную дзейнасьць. Людміла моцная жанчына і трымаецца, але глыбока абураная тым, што цяпер адбываецца», — расказалі яе абаронцы.

Адвакатка Марыі Калесьнікавай перастала выходзіць на сувязь напярэдадні днём. Увечары яе абаронцы даведаліся, што яна ў ІЧУ на Акрэсьціна, прычыны затрыманьня там назваць адмовіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG