Ціск на жанчын з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй празь іхных дзяцей становіцца новым трэндам у Беларусі. Гэта ня новая зьява, але апошнім часам яна набывае ўсё большыя маштабы.
Калі ў Менску затрымалі актывістку Алену Лазарчык, яе сына Арцёма са школы адвезьлі ў прытулак. Падобна, што вярнуць хлопчыка жанчына змагла перш за ўсё дзякуючы ўвазе грамадзкасьці. Калі ў Гомлі затрымалі Германа і Натальлю Сьняжковых, іх малых дзяцей таксама адправілі ў прытулак. У абодвух выпадках у сем’ях ёсьць дарослыя родзічы, якія маглі б часова паклапаціцца пра малых, але задача дзяржавы зводзіцца да таго, каб пакараць бацькоў за вальнадумства. Пра псыхічнае здароўе дзяцей чыноўнікі задумваюцца нашмат меней, калі задумваюцца ўвогуле.
У беларускім заканадаўстве ёсьць такая норма: жанчына, у якой ёсьць дзеці, малодшыя за 14 гадоў, ня можа быць пакарана адміністрацыйным арыштам. Але яе ўсё адно могуць затрымаць да суду, і цяпер улады актыўна карыстаюцца гэтай «лазейкай», палюючы на ўдзельніц пратэстаў і журналістак, якія асьвятляюць гэтыя акцыі. Так, зусім нядаўна журналістка Белсату Марыя Грыц, чыёй дачцэ няма нават двух гадоў, правяла на Акрэсьціна тры дні.
На фоне такіх дзеяньняў уладаў асабліва трагікамічна і цынічна выглядаюць заявы, нібыта жанчынам няма чаго баяцца на цяперашніх пратэстах — нібыта нас калі і бʼюць, дык нашмат менш, а часам увогуле затрымліваюць у натоўпе толькі мужчын. Відавочна, што ўлады часта зьмяняюць стратэгіі рэпрэсій, і сурʼёзна спадзявацца на так званую пазытыўную дыскрымінацыю не выпадае. Яна працуе роўна столькі, колькі гэтага хоча дзяржава. Як толькі абарона ўмоўных жанчын і дзяцей перастае быць у яе інтарэсах, яна імгненна зьмяняе «палітыку партыі», дастае дручкі, пазбаўляе волі і падпісвае ілжывыя пратаколы.
Гэта звычайная праява патрыярхату: правілы зьмяняюцца так і тады, як і калі гэтага хоча патрыярх. З рэальнасьцю гэты працэс мала зьвязаны, і паўплываць на яго звонку немагчыма (за выключэньнем нейкіх чароўных выпадкаў, якія звычайна нельга прадугледзець). Проста ў нейкі момант асобная жанчына абвяшчаецца няправільнай, і тады «пазытыўная дыскрымінацыя» ў дачыненьні да яе перастае працаваць.
Па сутнасьці, гэта проста расчалавечваньне: «Мацярынства — гэта сьвятое, але гэта няправільная маці, і таму аніякія мацярынскія паблажкі на яе не распаўсюджваюцца», «Жанчын біць нельга, але гэта няправільная жанчына».
Мы маем дастаткова пацьверджаньняў, што ўлады ў сваіх дзеяньнях ігнаруюць агульнапрынятыя маральныя каштоўнасьці і перакручваюць рэальнасьць выключна сабе на карысьць. Яны быццам абараняюць дзяцей і будучыя пакаленьні ад фашызму, але пры гэтым самі паводзяць сябе як фашысты і беспадстаўна адбіраюць зь семʼяў дзяцей. Яны кажуць, што жанчын трэба абараняць, і пры гэтым уяўляюць для нас пагрозу большую, чым хто заўгодна яшчэ.
Мне вельмі хочацца верыць, што мы ўсе — адзін народ, і што нам трэба ладзіць нейкі дыялёг, каб будаваць новую Беларусь. Але які можа быць дыялёг з тымі, хто жыве ў зусім іншай сыстэме каштоўнасьцяў? Пра што размаўляць зь людзьмі, для якіх распыляць газ у твар мірным пратэстоўцам і разьбіваць машыны, якія проста едуць па вуліцы — гэта норма? Што можна патлумачыць людзям, якія ўпарта адмаўляюць рэальнасьць і працягваюць верыць прапагандзе?
Пакуль мы імкнёмся да дыялёгу, яны б’юць нас, зьдзекуюцца маральна, руйнуюць сем’і і разьбіваюць дзіцячыя сэрцы. Я ня веру, што ім можна нешта патлумачыць. Тыя, хто мог, ужо ўсё даўно зразумелі. А як далей суіснаваць з тымі, хто адбірае ў бацькоў дзяцей з палітычных прычын, я проста ня ведаю.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.