Сьледчыя працягваюць праверку па факце раненьня, якое журналістка «Нашай Нiвы» Натальля Лубнеўская атрымала падчас асьвятленьня акцыі пратэсту ў Менску 10 жніўня.
«Сьледчымі працягваецца правядзеньне праверкі па факце траўмаваньня Натальлі Лубнеўскай», — паведаміла агенцтву Interfax афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску Кацярына Гарлінская.
Яна дадала, што падчас праверкі была прызначана судова-мэдычная экспэртыза. «Чакаем заключэньня экспэртаў. Устанаўліваюцца ўсе абставіны здарэньня», — сказала Гарлінская.
10 жніўня ўвечары Натальля Лубнеўская працавала на вуліцы Кальварыйскай. Пазьней у сеціва выклалі відэа, на якім відаць, як побач зьявіліся дзясяткі байцоў, як мяркуецца, з атраду «Алмаз». Адзін зь іх прыцэльна стрэліў у журналістку, хоць тая была ў камізэльцы з надпісам «Прэса» і бэджам.
Цягам 38 дзён Натальля знаходзілася на стацыянарным лячэньні ў лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. 16 верасьня яе выпісалі, а бальнічны ліст працягнулі ўжо амбуляторна, у паліклініцы.
Цяпер выданьню пагражаюць штрафам за тое, што своечасова не паведамілі пра здарэньне ў Белдзяржстрах і Інспэкцыю працы.
Крымінальную справу па факце раненьня журналісткі дасюль не завялі.