Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Параненая журналістка «Нашай нівы» другі месяц у шпіталі. Справу дагэтуль не завялі


Натальля Лубнеўская
Натальля Лубнеўская

Журналістка «Нашай нівы» Натальля Лубнеўская, якую паранілі 10 жніўня гумавай куляй у нагу, усё яшчэ знаходзіцца ў шпіталі. Праверку паводле яе заявы Сьледчы камітэт працягнуў да 21 верасьня. Ніякіх сьледчых дзеяньняў не праводзіцца.

25 жніўня ў сеціве зьвілася відэа, на якім відаць, як на Кальварыйскай зьявіліся дзясяткі байцоў, як мяркуецца, з атраду «Алмаз» (антытэрарыстачнага спэцпадразьдзяленьня МУС). Адзін з байцоў спыніўся прыкладна за 10 мэтраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках з надпісамі «Прэса» і прыцэльна стрэліў у Натальлю Лубнеўскую.

Натальля кажа, што адчувае сябе нармальна, наколькі гэта магчыма. Ёй зрабілі апэрацыю, а таксама рэнтгенаўскія здымкі. Каленны сустаў, косьці, сухажылы, на шчасьце, не закранутыя, але рана глыбокая. Колькі часу яшчэ давядзецца правесьці ў шпіталі, дзяўчына пакуль ня ведае.

«Робяць перавязкі, кожны раз глядзяць, ці ёсьць прагрэс, як загойваецца рана. Не сказала б, што гэта вельмі балюча, але непрыемна», — кажа яна.

Натальля кажа, што самой кулі ў ране не засталося — ці то яна адскочыла, ці то згубілася па дарозе. Таму журналістка ня ведае, якой формы і памеру была тая куля. Але, мяркуючы па ране, немаленькая; хутчэй за ўсё, цыліндрычнай формы, бо мяккія тканкі яна разьвярнула.

Пасьля выпіскі журналістку чакае працяглы пэрыяд рэабілітацыі.
«Паколькі рана побач з каленным суставам, давядзецца распрацоўваць калена. Бо цэлы месяц я не згінаю нагу, яна ў мяне ў лянгеце пастаянна прамая. Трэба будзе праходзіць рэабілітацыю. Але пакуль чакаем, каб рана загаілася», — кажа Натальля.

Праверку працягнулі да 21 верасьня

Літаральна на другі дзень пасьля здарэньня прыходзіў дзяжурны сьледчы, яшчэ да таго, як Натальля падала заяву — у межах праверкі па факце паступленьня ў лякарню хуткай дапамогі з кулявым раненьнем. А потым прыходзіла сьледчая Фрунзэнскага раённага аддзяленьня Сьледчага камітэту. Натальля падала заяву з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу па факце нанясеньня ёй цялесных пашкоджаньняў. Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, якія аглядалі рану, заявілі, што канчатковае заключэньне будзе гатова, толькі калі Натальлю выпішуць зь лякарні.
21 жніўня па месцы жыхарства Натальлі прыйшло паведамленьне, што праверку падоўжылі на месяц — да 21 верасьня. Больш ніхто са сьледчых да яе не прыходзіў.

Сьледчы камітэт сытуацыі не камэнтуе.

Натальля кажа, што ў лякарні на лячэньні яшчэ застаюцца параненыя, у асноўным мужчыны.

Натальля Лубнеўская была параненая ў нагу гумавай куляй 10 жніўня ў 20.40 на вуліцы Кальварыйскай. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Facebook.

У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул «Перавышэньне службовых паўнамоцтваў». За гэта прадугледжана пакараньне ад штрафу да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Калі ж гэтае перавышэньне было спалучана з ужываньнем зброі і прывяло да «цяжкіх наступстваў», максымальны тэрмін — 10 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG