Што тычыцца выніку супрацьстаяньня ў Беларусі, то на яго моцны ўплыў аказала хутчэй умяшаньне Расеі, чым пытаньне суадносін мірных і нямірных мэтадаў.
Сьцісла:
- Нямірных рэвалюцый у ХХІ стагодзьдзі было нямала.
- Любая палітычная сыстэма ў любой краіне (асабліва калі яна доўга існуе) фармуе сацыяльны слой, на які абапіраецца і які становіцца яе бэніфіцыярам.
- Моц рэжыму Лукашэнкі палягае ў вялізарнай ролі дзяржавы ў эканоміцы, сацыяльнай сфэры, грамадзтве ўвогуле.
- Гэты дзяржаўны монстар стварае сытуацыю, калі кантролем за палітычнай ляяльнасьцю грамадзян і палітычнымі рэпрэсіямі займаюцца ня толькі праваахоўныя органы і спэцслужбы, але і ўсе дзяржаўныя ўстановы.
- У Беларусі палітычная сыстэма абсалютна стэрыльная. Няма ніводнай выспы, ніводнага лапіка, які б мела апазыцыя ў гэтай сыстэме.
- Цягам чвэрці стагодзьдзя ня толькі дзяржаўныя мэдыя, але і ўся сыстэма ідэалягічнай працы займаецца татальнай дэманізацыяй праціўнікаў рэжыму.
- Кароткая грамадзянская вайна ў першыя трое сутак пасьля выбараў выклікала жорсткую адмоўную рэакцыю ў асяродзьдзі абодвух бакоў канфлікту.
У расейскай «Новой газете» зьявіўся артыкул палітоляга, дасьледчыка University College of London Ўладзіміра Пастухова «Рэвалюцыя адыходзіць зь Беларускага вакзала. Стратэгія мірнага пратэсту сур’ёзна дыскрэдытаваная ў Менску».
Мірныя і нямірныя рэвалюцыі
Галоўны сэнс артыкула ў тым, што беларускі досьвед паказвае, што эпоха мірных («каляровых») рэвалюцый нібыта заканчваецца, мірным шляхам перамагчы нэататалітарны рэжым (найперш на постсавецкай прасторы) немагчыма.
Тут з самага пачатку хацелася б запярэчыць, што гэтая эпоха закончылася раней. Нямірных рэвалюцый у ХХІ стагодзьдзі было нямала. У Беларусі дасюль хаваецца былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, якога кіргіскае правасудзьдзе імкнецца прыцягнуць да адказнасьці за расстрэл пратэстоўцаў падчас рэвалюцыі 2010 году. Потым была крывавая «арабская вясна», у выніку якой рэвалюцыі ў Лібіі, Сырыі, Эгіпце выліліся ў грамадзянскія вайны. І кульмінацыяй нямірнай рэвалюцыі быў украінскі Майдан 2014 году.
Таксама няма нічога эксклюзіўна беларускага і ў тым, што за доўгі час панаваньня рэжыму Лукашэнкі тут сфармавалася асобная кіроўная кляса, якая «зьяўляецца калектыўным бэніфіцыярам» мадэлі дзяржаўнага капіталізму ў Беларусі. Любая палітычная сыстэма ў любой краіне, асабліва калі яна доўга існуе, фармуе сацыяльны слой, на які яна абапіраецца і які становіцца яе бэніфіцыярам.
Велізарная роля дзяржавы
Асаблівасьці беларускай сытуацыі, якія тлумачаць моц існага рэжыму і часткова ягоную жорсткасьць, палягаюць у іншым. Найперш тут замацавана вялізарная роля дзяржавы ў эканоміцы, сацыяльнай сфэры, грамадзтве ўвогуле. У значнай ступені гэта савецкая спадчына. Такога ўсёахопнага дзяржаўнага кантролю няма ў іншых аўтарытарных рэжымах ХХІ стагодзьдзя. Беларусь тут можна параўнаць хіба што з Кітаем.
Дык вось, гэты дзяржаўны монстар, Левіяфан, стварае сытуацыю, калі кантролем за палітычнай ляяльнасьцю грамадзян і палітычнымі рэпрэсіямі займаюцца ня толькі праваахоўныя органы і спэцслужбы, але і ўсе дзяржаўныя ўстановы.
На гэта працуе ўся сыстэма адукацыі. Пра ролю настаўнікаў у фальсыфікацыі выбараў не пісаў толькі лянівы. Загадчыцы дзіцячых садкоў пагражаюць забраць дзяцей у бацькоў, якія ходзяць на мітынгі. На дзяржпрадпрымствах функцыянуе кантрактная сыстэма, якая дазваляе хутка пазбаўляцца ад неляяльных бунтароў. Дзяржаўныя правайдэры блякуюць інтэрнэт. Дзяржаўныя ЖЭСы адключаюць сьвятло ў непажаданых офісах (краме Symbal.by Паўла Белавуса), зафарбоўваюць непажаданыя надпісы на сьценах. І так далей.
Такі татальны ахоп быў бы немагчымы, калі б у краіне існаваў вялікі недзяржаўны сэктар ня толькі ў эканоміцы, але і ў сацыяльнай сфэры. Дарэчы, гэта адна з галоўных прычын, чаму Лукашэнка так упарта трымаецца за дзяржаўны сэктар і не дапускае прыватызацыі.
У Беларусі апазыцыя пазасыстэмная
Другі момант. У пераможных «каляровых рэвалюцыях» у Югаславіі, Грузіі, Украіне (у «недарэвалюцыі» ў Вэнэсуэле) апазыцыя мела вялікія пляцдармы ў палітычнай сыстэме. Яна прысутнічала ў парлямэнце, органах мясцовага самакіраваньня. Цэлыя рэгіёны ўзначальваліся апанэнтамі кіроўных рэжымаў.
У Беларусі ў гэтым пляне палітычная сыстэма абсалютна стэрыльная. Няма ніводнай выспы, ніводнага лапіка, які б мела апазыцыя ў палітычнай сыстэме. Тут жорсткі кансалідаваны рэжым, а апазыцыя чвэрць стагодзьдзя абсалютна пазасыстэмная. У гэтым таксама палягае моц рэжыму. Дзяржаўныя інстытуты абсалютна незалежныя ад грамадзтва. Таму маральна-псыхалягічны ціск народнага пратэсту на іх пакуль не прыносіць плёну.
І апошняе, цесна зьвязанае з папярэднім. Цягам чвэрці стагодзьдзя ня толькі дзяржаўныя мэдыя, але і ўся сыстэма ідэалягічнай працы займаецца татальнай дэманізацыяй праціўнікаў рэжыму. Афіцыйны ідэалягічны канструкт даводзіў, што ўвесь народ падтрымлівае Лукашэнку, для апазыцыі няма сацыяльнай базы, ёсьць толькі купка «адмарозкаў», замежных агентаў. То бок з 1990-х гадоў краіна існуе ў стане халоднай грамадзянскай вайны. Гэта часткова тлумачыць тую жорсткасьць, якую дэманструюць сілавыя структуры падчас задушэньня народнага пратэсту.
Нацыянальная траўма
Што тычыцца суадносін мірных і нямірных мэтадаў, іхнай эфэктыўнасьці. Па-першае, не былі на поўную сілу выкарыстаны мірныя сродкі, напрыклад страйкі. Па-другое, кароткая грамадзянская вайна ў першыя трое сутак пасьля выбараў выклікала жорсткую адмоўную рэакцыю ў асяродзьдзі абодвух бакоў канфлікту. Гэтая траўма нацыянальнага мэнталітэту, якая сягае да памяці аб трагедыі Другой сусьветнай вайны («абы не было вайны»), здаецца, зрабіла і робіць моцны ўплыў на хаду беларускай рэвалюцыі. Асабліва на народны пратэст.
Што тычыцца выніку супрацьстаяньня, то на яго больш уплывае хутчэй умяшаньне Расеі, чым пытаньне суадносін мірных і нямірных мэтадаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.