Сёньня роўна месяц, як Беларусь жыве ва ўмовах рэвалюцыі. Яна здарылася нечакана для ўсіх, у тым ліку для беларускіх і замежных палітыкаў і экспэртаў. Акцыі пратэсту прагназавалі ўсе, але мала хто чакаў такога іх маштабу, зацятасьці і працягласьці.
Сьцісла
- Першыя тры дні пасьля выбараў Беларусь перажыла кароткую грамадзянскую вайну.
- Нават калі беларуская рэвалюцыя закончыцца паразай, яна ўсё роўна ўвойдзе ў гісторыю і будзе мець вялізны ўплыў на далейшае разьвіцьцё краіны. Бо рэвалюцыі не праходзяць бясьсьледна.
- За апошнія тры месяцы была фактычна сфармаваная грамадзянская супольнасьць, адбыўся завяршальны працэс фармаваньня беларускай нацыі.
- Здаецца, самы небясьпечны для кіроўнага рэжыму момант, пік рэвалюцыі ўжо мінуў. То былі першыя 10 дзён пасьля выбараў.
- Адбываецца працэс эрозіі тых карпаратыўных інстытутаў, на якія абапіраўся рэжым, дзяржаўны апарат.
- Пакуль існуе часовая раўнавага і пэўны палітычны тупік. Паколькі Лукашэнка адмаўляецца ад перамоваў, то зыход палітычнага крызісу можа адбыцца толькі ў выніку абсалютнай перамогі аднаго з бакоў канфлікту.
- Аляксандар Лукашэнка, які чвэрць стагодзьдзя зьяўляўся гарантам беларускай стабільнасьці, раптам стаў галоўным чыньнікам дэстабілізацыі Беларусі.
- Падзеі апошняга месяца нанесьлі зьнішчальны ўдар па міжнароднай суб’ектнасьці Беларусі.
Рэвалюцыі не мінаюць бясьледна
Найперш усе гэтыя падзеі сталі неспадзяванымі для кіроўнага рэжыму, які паспрабаваў у першыя тры дні «закачаць у асфальт» усіх незадаволеных. Раней гэта спрацоўвала, а цяпер стала дадатковым чыньнікам абурэньня грамадзтва.
Першыя тры дні пасьля выбараў Беларусь перажыла кароткую грамадзянскую вайну. Некалькі забітых, сотні параненых і пакалечаных катаваньнямі, тысячы затрыманых.
Падзеі ў Беларусі лішні раз пацьвярджаюць вядомую выснову, што ніводная рэвалюцыя ў сьвеце не была прадказаная. І нават калі беларуская рэвалюцыя закончыцца паразай, яна ўсё роўна ўвойдзе ў гісторыю і будзе мець вялізны ўплыў на далейшае разьвіцьцё краіны. Бо рэвалюцыі не праходзяць бясьсьледна. За гэтыя тры месяцы была фактычна сфармаваная грамадзянская супольнасьць, адбыўся завяршальны працэс фармаваньня беларускай нацыі.
Рэвалюцыя годнасьці
Прычым, зьвярніце ўвагу, пратэстоўцы не выстаўляюць ніякіх эканамічных патрабаваньняў. Гэта беларускі варыянт украінскай «рэвалюцыі годнасьці». Мусіць, гэта ўвогуле прыкмета любой рэвалюцыі ХХІ стагодзьдзя.
Можна лёгка памыліцца, але, здаецца, самы небясьпечны для кіроўнага рэжыму момант, пік рэвалюцыі ўжо прайшоў. То былі першыя 10 дзён пасьля выбараў, калі спрабавалі аб’явіць усеагульны страйк на дзяржпрадпрыемствах. Страйкавалі нават супрацоўнікі БТ. Расея нейкі час хісталася, не вызначылася ў сваёй пазыцыі адносна Беларусі. На некалькі дзён спыніліся затрыманьні апанэнтаў рэжыму.
Аднак маральна-псыхалягічны ціск народнага пратэсту на дзяржаўныя інстытуты не прывёў да іх нэўтралізацыі. Бо гэтыя дзяржаўныя інстытуты ніяк не залежаць ад грамадзтва. Адсутнічаюць мэханізмы зваротнай сувязі.
Вяртаньне да рэпрэсій
Потым улады перайшлі ў наступ. Яны вярнуліся да звыклага мэтаду палітычных рэпрэсій. Гэта адзіны інструмэнт, які ёсьць у арсэнале рэжыму. Прычым з кожным днём рэпрэсіі ўзмацняюцца. Тактыка немудрагелістая. Стаўка робіцца на тое, каб усіх задушыць, вярнуць краіну ў перадвыбарчы стан. Але дзеля гэтага ўладам спатрэбіцца ствараць канцлягеры, бо турмаў і калёній на ўсіх ня хопіць. Вельмі ж шмат пратэстоўцаў.
Казаць пра нейкую стратэгію і тактыку праціўнікаў рэжыму не выпадае. Бо няма адзінага штабу, цэнтру, працуе спантанная самаарганізацыя грамадзтва. Тут спадзевы толькі на працяг масавасьці пратэсту, а таксама на эканамічны крызіс, які можа даць дадатковы імпульс незадаволеньня.
Таксама адбываецца працэс эрозіі тых карпаратыўных інстытутаў, на якія раней абапіраўся рэжым, дзяржапарат. Маю на ўвазе Царкву (Лукашэнка быў вымушаны выціснуць за мяжу кіраўнікоў Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў), выхад людзей, хоць і ня масавы, з афіцыйных прафсаюзаў, БРСМ. Нават дзяржаўныя прадпрыемствы — апора беларускай сацыяльнай мадэлі — сталі нядобранадзейнымі. Іх калектывы выказалі пратэст, на МЗКТ Лукашэнка зазнаў абструкцыю.
Рэзка ўзрос уплыў Расеі
Таму пакуль існуе часовая раўнавага і пэўны палітычны тупік. Паколькі Лукашэнка адмаўляецца ад перамоваў, то зыход палітычнага крызісу можа адбыцца толькі ў выніку абсалютнай перамогі аднаго з бакоў канфлікту.
Тым часам за гэта месяц у краіне адбыліся значныя перамены. Аляксандар Лукашэнка, які чвэрць стагодзьдзя зьяўляўся гарантам беларускай стабільнасьці, раптам стаў галоўным чыньнікам дэстабілізацыі Беларусі.
Падзеі апошняга месяца нанесьлі зьнішчальны ўдар па міжнароднай суб’ектнасьці Беларусі. Практычна зьнік заходні вэктар. Увогуле разбурана шматвэктарнасьць беларускай замежнай палітыкі. Рэзка ўзрос уплыў Расеі на ўнутраныя працэсы ў Беларусі. Дажыліся да таго, што на перамовах у Маскве паміж міністрамі замежных спраў Беларусі і Расеі Ўладзімерам Макеем і Сяргеем Лаўровым абмяркоўвалася канстытуцыйная рэформа ў краіне.
Дарэчы, гэтая канстуцыйная рэформа, якую нібыта плянуецца ажыцьцявіць праз два гады, ніякім чынам не зьяўляецца спосабам вырашэньня палітычнага крызісу ў Беларусі. Гэта ўвогуле ход убок ад галоўнага пытаньня беларускай рэвалюцыі — пытаньня аб легітымнасьці існага рэжыму і прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.