Лідэры 10 беларускіх партыяў падпісалі рэзалюцыю з патрабаваньнямі спыніць гвалт, расьсьледаваць забойствы і катаваньні, правесьці новыя выбары прэзыдэнта цягам 6 месяцаў.
Партыі ўтварылі пастаянную раду.
У ліку партыяў, чые лідэры падпісалі рэзалюцыю, — апазыцыйныя АГП, БНФ, БСДГ, БСДП(Г), «Зялёныя» і «Справядлівы сьвет», а таксама партыі з праўладнай дагэтуль рэпутацыяй — Сацыяльна-спартовая і Рэспубліканская партыі, Партыя працы і справядлівасьці і Партыя народнай згоды.
Старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай згоды Сяргей Ярмак пацьвердзіў Свабодзе, што разам з кіраўнікамі іншых партыяў падпісаў дакумэнт.
«У краіне прыкрая сытуацыя, мы практычна на парозе грамадзянскай вайны, а гэтага не хацелася б. Улады павінны пачаць размову зь людзьмі, з кіраўнікамі партыяў, каб закрыць гэтыя пытаньні і зьняць напружанасьць у грамадзтве», — сказаў ён.
Сяргей Ярмак сказаў, што вынікі выбараў прызнае, але не зусім упэўнены, што ў Лукашэнкі 80%.
«Чакаем ад уладаў размовы і будзем браць удзел у рэфармаваньні Канстытуцыі. Я казаў цягам апошніх дзесяці гадоў, што нам трэба мяняць Канстытуцыю, нам патрэбная зьмешаная выбарчая сыстэма».
Ён дадаў, што нарада прадстаўнікоў партыяў працягвалася з 14 да 17 гадзіны, быў прыняты кароткі варыянт заявы.