Беларускія сілавікі не парушылі закону пры разгоне акцый пратэсту, яны выконвалі свае задачы для стабілізацыі становішча. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскім СМІ, якое паказаў 9 верасьня тэлеканал Russia Today.
«АМАП выратаваў нас, як цяпер бачым, ад бліцкрыгу»
«На вуліцах працуюць АМАП і ўнутраныя войскі. Гэта іх задача — стабілізацыя становішча, утрымаць краіну. Яны парушылі закон? Не», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што пратэстоўцы мелі намер 9 і 10 жніўня захапіць урадавыя ўстановы.
«АМАП выратаваў нас, як мы цяпер усе бачым, ад бліцкрыгу. Каб ня гэтыя хлопцы, зноў жа, мы тут не сядзелі б з вамі. Яны супрацьстаялі гэтаму», — пахваліў сілавікоў Лукашэнка.
На яго перакананьне, беспарадкамі ў Беларусі кіруюць амэрыканцы праз цэнтар пад Варшавай. Пры гэтым дадаў, што ніякай дэстабілізацыі ў Беларусі няма.
«Выбег з аўтаматам, каб паказаць, што не баязьлівец»
Таксама Аляксандар Лукашэнка патлумачыў, чаму выйшаў зь верталёта з аўтаматам у руках падчас пратэстаў 23 жніўня.
«Я паказаў, што я на месцы, што я не баязьлівец і іх не баюся», — сказаў ён, адказваючы на пытаньне аб матывах зьяўленьня ў кадры з аўтаматам у руках.
Удакладніў, што за гадзіну да яго зьяўленьня ў Палацы Незалежнасьці некаторыя Telegram-каналы падалі інфармацыю, што ён уцёк. Таму, маўляў, павінен быў паказаць, што тыя зьвесткі «непраўдзівыя і не адпавядаюць рэальнасьці».
«33 расейцы — правакацыя спэцслужбаў ЗША і Ўкраіны»
Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што самастойна прыняў рашэньне аб затрыманні 33 расейцаў сёлета ў ліпені.
«Я кажу сілавікам: прыйдзецца іх затрымліваць, каб не было бяды. Затрымалі», — сказаў Лукашэнка, расказваючы пра даклад старшыні КДБ Валера Вакульчыка, які казаў пра «вельмі вялікія рызыкі», што могуць не справіцца ўсіх адсачыць і нэўтралізаваць адначасова.
Ён заявіў, што дагэтуль ня ведае, навошта прыязджалі тыя расейцы. Але схільны верыць, што гэта «правакацыйная апэрацыя спэцслужбаў ЗША і Украіны».
«Беларусь уступіць у вайну ў выпадку агрэсіі супраць Расеі»
Беларусь уступіць у вайну, калі з боку заходніх краін пачнецца агрэсія супраць Расеі, запэўніў Лукашэнка ў інтэрвію расейскім СМІ.
«Калі б хтосьці ажыцьцяўляў агрэсію супраць Расеі, настае зона адказнасьці АДКБ і нашай саюзнай дзяржавы. Беларуская армія — 60-65 тысяч штыкоў. Яна ўступае ў вайну. І расейская групоўка, яна таксама прапісаная ў пляне, разам з намі супрацьстаіць агрэсіі на заходнім кірунку».
Каб раптам нешта здарылася на заходнім кірунку, на поўначы або на поўдні, Беларусь неадкладна абараняла б Расею, яшчэ раз паўтарыў Аляксандар Лукашэнка.