Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ і МУС мусяць забясьпечыць парадак. Лукашэнка выступіў на мітынгу ў Горадні


Мітынг за Лукашэнку ў Горадні, 22 жніўня 2020 году
Мітынг за Лукашэнку ў Горадні, 22 жніўня 2020 году

Кадры зьбіцьця людзей Лукашэнка называе «пастановачнымі» і абяцае ад панядзелка «новае жыцьцё».

Аляксандар Лукашэнка прыйшоў на мітынг у цэнтры Горадні, куды ён накіраваўся пасьля сустрэчы з дэпутатамі абласнога савету — тыя далі згоду, каб замест Уладзімера Краўцова вобласьцю кіраваў Уладзімер Каранік.

Пра Горадню

«Шмат гадоў таму, старэйшыя памятаюць, сваю перадвыбарчую кампанію я пачынаў з гэтага цудоўнага рэгіёну, гораду. Маімі галоўнымі супернікамі былі палякі і каталікі. Яны паставілі перад мной пяць пытаньняў, я іх вырашыў цягам году. Я ўдзячны, што вы прагаласавалі за мяне, чалавека з усходу», — заявіў Лукашэнка, заўважыўшы, што яго «ўсе гэтыя гады тут падтрымлівалі».

Ён дадаў, што чарговым разам пераканаўся: горадзенская зямля — «гэта нашая зямля». А таму нікому яе не аддамо, чарговым разам паўтарыўся Лукашэнка.

«Сёньня знайшліся людзі, якія заганяюць нас у прорву нянавісьці. У горадзе, дзе ладзіцца фэстываль, які зьбірае розныя народы і нацыянальнасьці, я заўсёды быў шчасьлівы. Але сёньня нас штурхаюць да нейкіх разборак. Перашкаджаюць. Адкрыта ўмешваюцца ў справы нашай дзяржавы», — сказаў Лукашэнка.

Пра гвалт і катаваньні пратэстоўцаў

Аляксандар Лукашэнка падчас мітынгу ў Горадні заявіў, што 60% фатаграфіяў і відэазапісаў са сьлядамі зьбіцьця сілавікамі затрыманых — «пастановачныя кадры».

«У інтэрнэце хто сядзіць? 60% паказвалі сінякі, гэтыя 60% — пастановачныя кадры. Сёньня ня час пра гэта казаць, каб не трывожыць людзей. Пройдзе час, мы спакойна вам пра гэта скажам і пакажам», — сказаў Лукашэнка.

Пачынаючы ад дня прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, ідзе інфармацыя пра шматлікія выпадкі жорсткага абыходжаньня і катаваньня затрыманых у міліцыі, на вуліцах і ў ізалятарах часовага ўтрыманьня.

Лукашэнка гэтыя факты не прызнае: лічыць, што супрацоўнікі АМАП сталі ахвярамі фэйкаў, 300 сілавікоў нядаўна ўзнагародзіў за «бездакорную службу».

Пра апанэнтаў

Таксама Лукашэнка прыгразіў, што спробы ціску і пагрозы з боку праціўнікаў улады будуць жорстка спыняцца ўжо «ад панядзелка».

У прыватнасьці, намякнуў на дзейнасьць Каардынацыйнай рады.

«Я ўжо казаў: зьявілася так званая чорная сотня. Ужо дзе-нідзе сталі узьнікаць асобныя цэнтры, пакуль не завяла пракуратура крымінальную справу. Як толькі пачалі, палова ці больш разьбегліся, а іншыя схаваліся пад плінтус. Мы іх выцягнем ўсіх. Субота, нядзеля на роздум. З панядзелка хай не крыўдуюць. Улада павінна быць уладай», — паабяцаў наступствы Лукашэнка.

Пра Караніка

Лукашэнка паведаміў, што прызначыў Уладзімера Караніка кіраваць уладай у вобласьці, сказаў, што ён першы чалавек, якога прынялі на плошчы, зь яго многае належыцца.

«Ніводзін правакатар ня можа трапіць на нашу тэрыторыю. Мы яшчэ не перамаглі каранавірус, другая хваля ідзе па Эўропе. Вы хочаце, каб ён дайшоў сюды?»

Пра страйкі

«Вы сёньня спынілі „Гроднажылбуд“, вы спынілі будоўлю. Мы абыдземся сёньня без „Гроднажылбуду“, у нас дастаткова будаўнікоў у Беларусі.

Навошта сваімі рукамі сёньня зламаць тое, што мы стваралі дзесяцігодзьдзямі! Мы мусім спакойна жыць і разьвівацца. Я прашу „мэра“ і „губэрнатара“: калі нехта ня хоча працаваць, не прымушайце. Павесілі замок на браму... І разьбярыцеся з тымі».

«Тут ёсьць прыватныя прадпрыемствы, якія падштурхоўваюць людзей да страйку... У нас ёсьць усё тэлефонныя размовы. „Лавіць мянтоў“... Гэта вашыя людзі. Калі яны недзе ў нечым памыліліся, даруйце ім».

КДБ і МУС мусяць забясьпечыць парадак на вуліцах

«Людзі стаміліся. Мы прывыклі жыць у спакойнай талерантнай краіне. Людзі стаміліся, просяць спакойнага жыцьця. Мы павінны з гэтым заканчваць. Таму КДБ і МУС мусяць забясьпечыць парадак на вуліцах Горадні і ў іншых гарадах вобласьці».

Цэрквы не для палітыкі

Лукашэнка зьвярнуўся да сьвятароў: «Цэрквы не для палітыкі». Ён таксама назваў СМІ часткаю гібрыднай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG