Нацыянальны банк сёлета выпусьціць манэты ў гонар 100-годзьдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы:
- 1100 срэбных манэт наміналам 20 рублёў,
- 2499 медна-нікелевых манэт наміналам 1 рубель
У такой жа колькасьці адаб'юць манэты да 150-годзьдзя мастака Фэрдынанда Рушчыца.
Асноўная частка трупы тэатру звольнілася на знак салідарнасці генэральным дырэктарам тэатру Паўлам Латушкам і ў якасьці пратэсту супраць падзей, якія адбываюцца ў краіне пасьля 9 жніўня. Больш за 60 супрацоўнікаў тэатру засталіся бяз працы.
Тэатар адмяніў спэктаклі да канца лістапада.
Праблемы ў калектыве пачаліся ў сярэдзіне жніўня, калі супрацоўнікі разам са сваім гендырэктарам Паўлам Латушкам публічна асудзілі фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і свавольства сілавікоў. 17 жніўня Латушка быў звольнены.
18 жніўня ў Купалаўскі тэатар, які ў верасьні меўся адзначыць 100-годзьдзе, прыехаў міністар культуры Юры Бондар. Ён не пагадзіўся, што Латушку звольнілі з палітычных матываў, і выказаў занепакоенасьць, як тэатвр будзе працаваць у такой атмасфэры. У адказ яму заявілі, што новага сэзону ня будзе, і параілі падаць у адстаўку.
У той жа дзень выканаўцам абавязкаў дырэктара быў прызначаны першы намесьнік міністра культуры Валер Грамада. На ягонае распараджэньне ў тэатры зьявіліся супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы. Купалаўцы расцанілі гэта як «захоп тэатру».
Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Павал Латушка перайшоў «чырвоную рысу» і адкажа паводле закону. Экс-міністар культуры і дыплямат пасьля звальненьня з тэатру далучыўся да прэзыдыюму Кааардынацыйнай рады.