У Бялынічах 5 верасьня затрымалі мясцовых актывістаў Яўгенію Мяцеліцу і Ўладзіслава Лістраценку. 6 верасьня ў горадзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства, паведаміў «Магілёўскі рэгіён».
У супрацоўнікаў ДАІ ўзьніклі сумневы наконт VIN-нумара аўтамабіля і яны даставілі актывістаў да будынка Бялыніцкага РАУС. Там іх затрымалі міліцыянты, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і пакінулі пад вартай.
Акцыі пратэсту супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў праходзілі ў Бялынічах на працягу некалькіх дзён з 14 да 19 жніўня.
Паводле сяброў Мяцеліцы і Лістраценкі, актывістаў затрымалі, каб унікнуць магчымых акцый падчас афіцыйнага сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства.