Узоры аналізаў баўгарскага гандляра зброяй Эміліяна Гебрэва, атручанага нэрвова-паралітычным рэчывам, зьніклі з фінскай лябараторыі VERIFIN.
Пра гэта гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні выданьня The Insider і групы Bellingcat.
Першыя дасьледаваньні фінскай лабаряторыі паказалі, што Гебрэва спрабавалі атруціць баявым атрутным фосфарарганічным рэчывам. Яно забароненае як хімічная зброя. Пасьля атручваньня ў сакавіку 2018 гадоў у брытанскім Солсбэры былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі стала зразумела, што гэтым рэчывам можа быць распрацаваны ў СССР «Навічок».
Для таго каб даказаць атручваньне Гебрэва «Навічком», неабходна правесьці новыя тэсты зь ягонымі ўзорамі. Аднак лабаряторыя не змагла ні вярнуць іх, ні сказаць, куды яны зьніклі, гаворыцца ў публікацыі The Insider.
Замах на Гебрэва адбыўся ў канцы красавіка 2015 году. Праз два месяцы ўзоры аналізаў адправілі ў VERIFIN — адну зь пяці лабараторыяў у Эўропе, акрэдытаваных Арганізацыяй па забароне хімічнай зброі. Лябараторыя павінна была захоўваць матэрыялы на працягу пяці гадоў — да 18 чэрвеня 2020 года.
Пасьля замаху ў Вялікабрытаніі на Скрыпалёў Гебрэў выказаў здагадку, што супраць яго выкарыстоўвалі тое ж самае атрутнае рэчыва. З лютага 2019 году прадпрымальнік стаў зьвязвацца зь фінскай лабараторыяй з просьбай падоўжыць тэрмін захоўваньня біяматэрыялаў у сувязі са сьледзтвам. Лісты Гебрэва маюцца ў распараджэньні The Insider. Адказу на просьбу аб працягу тэрмінаў захоўваньня бізнэсовец так і не атрымаў.
Расьследаваньне замаху на Гебрэва ў Баўгарыі было прыпыненае. У адваротным выпадку вызначаныя для сьледзтва тэрміны прайшлі б і справу давялося б закрыць.
Паводле зьвестак сьледзтва, падазраванымі ў замаху на Гебрэва зьяўляюцца расейцы Сяргей Фядотаў, Сяргей Паўлаў і Георгій Гаршкоў. Паводле расьсьледвальніцкай групы Bellingcat, пад гэтымі імёнамі могуць хавацца афіцэры расейскай ваеннай выведкі — генэрал-маёр Дзяніс Сяргееў, Сяргей Лютэнка і Пётр Барысаў. The Insider публікуе відэа, на якім, як мяркуецца, Дзяніс Сяргееў наносіць нейкае рэчыва (магчыма, «Навічок») на ручкі аўтамабіля Гебрэва на падземнай паркоўцы. Сяргееў таксама мог удзельнічаць у замаху на Скрыпалёў, мяркуюць сьледчыя.
Пасьля атручваньня расійскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага ягоныя лекары з бэрлінскай клінікі «Шарытэ» запытвалі ў баўгарскіх калегаў узоры Гебрэва. Аб атрыманьні адказу з Баўарыі пакуль невядома.
Масква сваё дачыненьне да магчымых атручваньняў баявымі хімічнымі рэчывамі заўсёды адпрэчвала.