Калектыў Горадзенскага мясакамбінату накіраваў зварот у Палату прадстаўнікоў, Генпракуратуру і Горадзенскі абласны савет дэпутатаў. Работнікі выставілі шэраг патрабаваньняў, сярод якіх — новыя выбары, спыненьне гвалту і пакараньне вінаватых у гвалце і фальсыфікацыях. Пад зваротам пакінулі подпісы 853 супрацоўнікі мясакамбінату.
У сваім лісьце яны адзначылі, што выбары 9 жніўня прайшлі з парушэньнямі, што выклікала пратэсты па ўсёй краіне.
Патрабаваньні калектыву Горадзенскага мясакамбінату:
- выконваць заканадаўства Беларусі;
- прызнаць выбары 9 жніўня несапраўднымі, правесьці новыя адкрытыя выбары з празрыстым падлікам галасоў, прысутнасьцю незалежных назіральнікаў;
- адстаўка Аляксандра Лукашэнкі праз страту даверу, кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, кіраўніка МУС Юрыя Караева;
- спыніць гвалт у дачыненьні да грамадзян Беларусі;
- расьсьледаваць усе выпадкі, калі людзей незаконна затрымлівалі і білі, і пакараць вінаватых;
- пакараць вінаватых у фальсыфікацыях падчас выбараў.
«Мы заклікаем вас спыніць несправядлівасьць і перасьлед грамадзян, спыніць фізычнае прымяненьне сілы, не выкарыстоўваць зброю супраць безабаронных, не калечыць людзей кулямі і дручкамі, не аглушаць гранатамі, не труціць газам, не зачыняць у камэрах, не фабрыкаваць хлусьлівыя абвінавачаньні супраць невінаватых. Улада павінна абараняць свой народ. Мы не павінны баяцца ўладаў», — гаворыцца ў лісьце.
Аўтары звароту паставілі ўмову: калі іхныя патрабаваньні ня выканаюць у самыя кароткія тэрміны, яны пакідаюць за сабой права на забастоўку.