Сотні работнікаў мясакамбінату сабраліся на тэрыторыі прадпрыемства, каб абмеркаваць з кіраўніцтвам заводу і вобласьці пытаньне гвалту на вуліцах і вынікі выбараў.
Прысутнічае намесьніца старшыні аблвыканкаму Зоя Кулеша, начальнік Ленінскага РАУС Алег Карпушкін, прадстаўніца мясамалпраму.
«Калі вы выходзілі да людзей у апошні раз? Спужаліся? Хто даў загад біць людзей?» — крычаць людзі чыноўнікам.
Кіраўніцтва мясакамбінату падрыхтавала зварот да ўладаў, каб спыніць гвалт у дачыненьні да мірных беларусаў і пералічыць галасы на праведзеных прэзыдэнцкіх выбарах.
Дырэктар мясакамбінату Алег Іваноў просіць людзей не спыняць вытворчасьць незалежна ад палітычнай сытуацыі, вырашыць пытаньне мірна, не падвесьці пастаўнікоў, не сапсаваць імідж прадпрыемства за некалькі дзён.
«Я ведаю, хто нас заклікае. Я нікога ня стрымліваю за межамі заводу», — кажа дырэктар Алег Іваноў.
«Ідзіце, хай вас там замочаць», — кажуць з натоўпу пра вулічныя пратэсты.
«Ганьба», — скандуюць людзі прадстаўніку міліцыі Карпушкіну.
«Запытайцеся ў МУС, чаму яны ўчынілі такое», — крычаць людзі.
Людзі абураюцца, чаму падобны сход не арганізавалі 10 жніўня, калі пачалі затрымліваць і біць гарадзенцаў. Яны баяліся ісьці дадому. Пытаюцца, хто адкажа за гвалт у горадзе.
Кіраўніцтва заводу падрыхтавала ліст ад прафсаюзу камбіната, які хочуць накіраваць у пракуратуру і іншыя інстанцыі. Дырэктар прапанаваў усім унесьці патрэбныя зьмены ў зварот і каб ахвочыя яго падпісалі.
У лісьце ідзецца пра масавыя парушэньні, калі не пускалі на ўчасткі назіральнікаў, прымушалі галасаваць датэрмінова, не вывешвалі выніковыя пратаколы на ўчастках. У лісьце заклікаюць не ўжываць гвалт супраць грамадзянаў, не ўжываць зброю, не закрываць людзей у камэрах, не фальсыфікаваць справы, не затрымліваць незаконна.
У звароце патрабуюць пералічыць галасы выбарцаў.
Людзі ж патрабуюць, каб Аляксандар Лукашэнка сышоў у адстаўку, каб прызначылі новыя выбары.
Мужчына, які працуе на мясакамбінаце 19 гадоў, расказвае, што ягоная маці плакала, бо ў двары іх дому «сусед пабіў дубінкай суседа».
Людзі скандуюць: «Сыходзь!», кажуць, што ўлада нелегітымная. Яны заклікаюць кіраўніцтва камбінату выйсьці на вуліцу і пайсьці ў аблвыканкам у калёне салідарнасьці.
Начальнік Ленінскага РАУС Карпушкін кажа, што ёсьць людзі, якія спрабуюць рэалізаваць «свае нізьменныя пляны». Людзі крычаць і ня вераць таму, што кажа Карпушкін.
Калі пытаюцца, хто галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую, большасьць падымае рукі, скандуюць «Жыве Беларусь», «Сыходзь».
Людзі пагражаюць спыніць працу, калі ня спыніцца гвалт на вуліцах і ня будзе сумленных выбараў.
«Мы зь людзьмі», — кажа дырэктар мясакамбінату, просіць падтрымаць яго і не спыняць працу.
Дырэктар абяцае, што нікога ня звольніць за погляды. Зь ягоных словаў, ён штодня ведаў, дзе яго затрыманыя работнікі, толькі аднаго, якога няма на працы, пакуль ня можа знайсьці.
Прадстаўніца камітэту афіцыйнага прафсаюзу Натальля Васілеўна кажа, што ня ведала, што супрацоўнікі ня могуць даехаць дадому. Яна сказала, што тым, хто мае штрафы за пратэсты, або іхным дзецям кампэнсуюць гэтыя грошы.
«Не адмыецеся ад крыві!» — крычаць работнікі.
Намесьніца старшыні Горадзенскага аблвыканкаму Зоя Кулеша кажа, што людзі ім патрэбныя. Яна кажа, што сілавікі папрасілі прабачэньня.
«Што вы ад іх яшчэ хочаце?» — пытаецца Кулеша.
«Тое, што цяпер адбываецца, — гэта справа вашых рук», — абураюцца работнікі ў адрас чыноўнікаў.
Большасьць людзей не даслухалі кіраўніцтва і сышлі са сходу. Яны рушылі калёнай на плошчу Леніна. Некаторыя пачалі падпісваць зварот, які склала кіраўніцтва заводу.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.