Міністэрства абароны паведаміла пра завяршэньне комплекснага тактычнага вучэньня са зводнай групоўкай войскаў на Горадзенскім тактычным кірунку.
Вучэньне пад кіраўніцтвам камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандавання завяршаецца, піша сайт Мінабароны:
«У ходзе выкананьня мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі ажыцьцяўляецца вывад са складу дзяжурных сіл па СПА дадаткова прызначаных сіл і вяртаньне іх у пункты пастаяннай дыслякацыі. Падраздзяленьні бесьпілётных авіяцыйных комплексаў па выкліку і плянах камандзіраў брыгад ажыцьцяўляюць маніторынг мясцовасьці ў названых раёнах».
Мінабароны Беларусі ў пятніцу пачало комплекснае тактычнае вучэньне са зводнай групоўкай войскаў на Городзеншчыне, паблізу мяжы зь Літвой. На адкрыцьці вучэньняў пабываў Аляксандар Лукашэнка.
Лукашэнка ў апошнія дні на фоне масавых пратэстаў неаднаразова заяўляў пра пагрозу вонкавага ўварваньня з боку краін, якія мяжуюць зь Беларусьсю на захадзе. У прыватнасці, ён неаднаразова абвінавачваў Польшчу ў тэрытарыяльных прэтэнзіях на Горадзенскую вобласьць:
«Вы бачыце гэтыя заявы пра тое, што калі Беларусь распадзецца, то Горадзенская вобласьць адыдзе Польшчы. Яны пра гэта ўжо ў адкрытую кажуць, сьпяць і бачаць. Нічога ў іх у гэтым плане не атрымаецца, гэта я ведаю дакладна», — заявіў Лукашэнка на мінулым тыдні.