Эльдар Кунаеў пакідае пасаду консула Казахстану ў Берасьці. З гэтай нагоды ён адказаў на пытаньні выданьня «Вечерний Брест». Адно зь іх было пра падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі. «Ці не падалося вам, што тры гады таму вы прыехалі ў адну Беларусь, а цяпер зьяжджаеце зь іншай?» — спытаўся карэспандэнт.
«Вельмі добра вас разумею, і гэта сапраўды так, — адказаў консул. — Прыхільнасьць да дэмакратыі і справядлівасьці — гэта тое, што ў крыві кожнага народу.
Я ўспамінаю пратэсты казахстанцаў, калі насуперак волі мільёнаў да нас у рэспубліку прывезьлі з Ульянаўску [Генадзя] Колбіна, не параіўшыся з народам, ня выслухаўшы мясцовае кіраўніцтва, і толькі таму, што так сытуацыя бачылася з высокіх кабінэтаў у Крамлі. Былі сотні параненых, пацярпелых, шмат хто быў асуджаны. Праз усё гэта нашаму народу давялося прайсьці.
А справядлівасьць урэшце перамагла — сёньня ў кожным абласным цэнтры і ў Алма-Аце ёсьць вуліца, якая носіць імя былога кіраўніка рэспублікі Дынмухамеда Кунаева.
А ў нашай маладой сталіцы цэнтральнаму праспэкту, які выходзіць проста на прэзыдэнцкі палац, прысвоена імя былога кіраўніка рэспублікі, які жыў і працаваў у адзін час з выбітным беларускім лідэрам Пятром Машэравым. І нікому за ўвесь гэты час не прыйшло ў галаву перайменаваць хоць адну вуліцу, якая носіць імя былога кіраўніка краіны.
У гэтай сувязі не магу не сказаць пра тое, што ў нашым народзе шануецца культ узаемнай павагі. І Кунаеў, і Назарбаеў, якія дзесяцігодзьдзямі кіравалі краінай, знайшлі ў сабе мужнасьць сысьці ў адстаўку. Гэта вельмі важна — сыходзіць своечасова. І таму аўтарытэт абодвух казахстанцаў бясспрэчны.
На зьмену нават вельмі пасьпяховым палітыкам павінны прыходзіць маладыя, крэатыўныя, хто думае ў духу часу», — сказаў сярод іншага консул.