Расейскі пісьменьнік Дзьмітры Быкаў у сваёй перадачы на радыё «Эхо Москвы» закрануў сытуацыю ў Беларусі і выказаў свой прагноз, як сытуацыя будзе разьвівацца ў будучыні.
22-і дзень пратэстаў. Марш міру і незалежнасьці ў Менску
Адзін са слухачоў задаў яму пытаньне: «Размова ўлады і грамадзтва сёньня адбываецца ў стылыі мініятуры Хармса, дзе адзін аднаго лупяць па мордзе. Колькі яшчэ такіх удараў трэба і ці будзе шанц пасьля гэтага падняцца?»
Адказ Дзьмітрыя Быкава:
— Шанцу падняцца ня будзе, адразу кажу. Я ўжо казаў — адбудзецца дывэрсіфікацыя. Ня трэба заўсёды натыкацца на пруткі кратаў, трэба хадзіць паміж імі. Пэўная частка грамадзтва будзе жыць у будучыні.
Я думаю, што і ў Беларусі адбудзецца такое разьвіцьцё. Ён будзе думаць, што ён кіруе, яны будуць думаць, што кіруюць яны. Вядома, у пэўныя моманты гэта будзе прыводзіць да сутыкненьняў, да АМАПу. А пасьля яны проста зьнікнуць зь ягонага поля зроку. Гэта адбудзецца, гэту будзе ў будучыні.
Гэта не азначае, што цяпер ня трэба змагацца. Трэба, трэба прыдумляць нейкія новыя стратэгіі барацьбы.
Але, дарэчы, замежжа магло б вельмі добра вырашыць гэтую праблему, адмовіўшыся ад любых кантактаў з дыктатарам. Усе кантакты, усе дамовы, усе кансультацыі праводзіць з апазыцыяй, а гэтага — ну як бы няма. Ён ёсьць, але ён даўно ўжо нічога не вырашае і нічога не вызначае.
Я ўжо казаў — трэба пакінуць іх адных. Ніякага супрацоўніцтва, ніякага інтэлектуальнага супрацоўніцтва, ніякай дапамогі, ніякай ад іх залежнасьці...
Вы спытаеце, а як жа працаваць на заводзе? Відаць, будуць на гэтых заводах нейкія новыя лідэры супраціву.
Яго трэба пакінуць аднаго, пакінуць у мінуўшчыне. Як гэта зрабіць — гэта для абмеркаваньня, тут ёсьць нагода для размовы.
Падобную думку пра кантакты Захаду з кіраўніком Беларусі выказаў нямецкі аналітык Ролянд Фройдэнштайн, дырэктар палітычных праграм Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў імя Вільфрэда Мартэнса (Брусэль).
Адказваючы на пытаньне Радыё Свабоды «Наколькі адэкватная рэакцыя заходняга сьвету, перш за ўсё ЭЗ, на тое, што адбываецца ў Беларусі?» і разважаючы пра санкцыі, Ролянд Фройдэнштайн сказаў:
— Гэта добры пачатак, але гэтага мала. Па-першае, варта было б паведаміць Лукашэнку, што мы гатовыя размаўляць зь ім да 10 верасьня, калі мінае яго мандат (пасьля выбараў 2015 году. — РС), пасьля чаго ні ён, ні ягоны ўрад ня будуць зьяўляцца легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народу.