Улады вымушаюць жыхароў аднаго з раёнаў Туркмэністану ў Лябапскім велаяце на ўсходзе краіны купляць фота прэзыдэнта Гурбангулы Бэрдымухамэдава разам з прадуктамі. Пра гэта паведамляе Туркмэнская служба Радыё Свабода са спасылкай на свайго карэспандэнта.
Паводле яго, у дзяржаўных крамах у продажы зьявіліся мука і хлеб, якія прадаюцца ў якасьці пайка на травень і чэрвень. Разам зь імі ў нагрузку ідзе партрэт Бэрдымухамэдава. Фатаграфія памерам 50×35 сантымэтраў каштуе 20 манатаў (каля 6 даляраў паводле афіцыйнага курсу Цэнтрабанку, які сур’ёзна адрозьніваецца ад курсу на чорным рынку).
Як паведамляе карэспандэнт Свабоды, людзі не пратэставалі, купляючы прадукты, бо вакол крамаў стаялі супрацоўнікі Міністэрства ўнутранай бясьпекі і паліцыі. На думку афіцэра паліцыі, які размаўляў з карэспандэнтам Свабоды на ўмовах ананімнасьці, улады лічаць, што калі фатаздымак Бэрдымухамэдава будзе ў кожным доме, то насельніцтва «будзе яго болей любіць». Туркмэнскай службе не ўдалося атрымаць афіцыйных камэнтароў на гэтую тэму.
Продаж прэзыдэнцкіх фатаздымкаў у нагрузку да харчоў супаў з пачаткам сэзону масавай замены партрэтаў прэзыдэнта Гурбангулы Бэрдымухамэдава ў дзяржаўных установах краіны. Ва ўсіх дзяржаўных структурах партрэты павінны быць абноўлены да 1 верасьня. Новыя фота адрозьніваюцца ад старых колерам дывана на фоне, даўжынёй і адценьнем валасоў прэзыдэнта.
У Туркмэністане партрэты прэзыдэнта прысутнічаюць ва ўсіх установах і прадпрыемствах, а таксама грамадзкіх месцах. Партрэты абнаўляюцца рэгулярна, у тым ліку ў сувязі са зьменай зьнешнасьці прэзыдэнта. Замена старых партрэтаў на новыя робіцца за кошт насельніцтва. У студзені ўлады краіны абавязалі дзяржаўныя ўстановы закупіць партрэты зь сівым прэзыдэнтам замест фатаздымкаў, дзе ў яго чорныя валасы.