Затрыманыя 28 жніўня ў Менску журналісты здымачнай групы нямецкага тэлеканалу ARD пазбаўленыя акрэдытацыі. Расейскія яе прадстаўнікі будуць дэпартаваныя зь Беларусі.
На беларускага прадстаўніка складзены пратакол за нібыта ўдзел у масавай акцыі. Беларуса Ільлю Кузняцова, а таксама грамадзян Расеі Сяргея Сяргеева і Міхаіла Фаміна (усе трое былі акрэдытаваныя ў МЗС Беларусі як журналісты тэлеканалу ARD) затрымалі ў Менску напярэдадні. Ноч журналісты правялі ў РУУС, іх адпусьцілі толькі раніцай. «Склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 (актыўны ўдзел у масавай акцыі) і пазбавілі акрэдытацыі «ў мэтах гарантаваньня інфармацыйнай бяспекі краіны», — распавёў Tut.by Ільля Кузняцоў.
Паводле Ільлі, яго расейскіх калегаў дэпартуюць зь Беларусі з забаронай вяртацца ў краіну цягам пяці гадоў.
Расейскіх журналістаў забраў прадстаўнік расейскай амбасады. Калі адбудзецца суд над Ільлём Кузняцовым, пакуль невядома.
Напярэдадні стала вядома, што зь Беларусі дэпартавалі з забаронай уезду на пяць гадоў вядомага швэдзкага фотакарэспандэнта, пераможцу World Press Photo Пола Хансана.