З ініцыятывы ўкраінскай грамадзкай арганізацыі «Євромайдан SOS» нацыянальны цэнтар «Украінскі дом» у Кіеве падсьвяцілі бел-чырвона-белым на знак салідарнасьці і падтрымкі мірнага пратэсту ў Беларусі.
«Такім чынам мы прагнем „падсьвяціць“ і зрабіць бачнай барацьбу за свабоду, якая цяпер адбываецца ў Беларусі, для грамадзтва і ўлады Ўкраіны», — адзначылі арганізатары акцыі.
Паводле іх, такім чынам украінскія актывісты далучыліся да міжнароднай акцыі #BelarusWatch.
Да акцыі далучыліся і ўкраінскія праваабаронцы Канстанцін Равуцкі і Яўген Васільеў, якіх затрымалі ў Беларусі і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях.
Лідэрка партыі «Голас» Кіра Рудык заявіла, што іх фракцыя ў парлямэнце будзе кожны дзень патрабаваць ухваленьня пастановы аб непрызнаньні выбараў у Беларусі.