У дэпартамэнце міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны Беларусі лічаць абвінавачаньні ў парушэньні паветранай прасторы Літвы неабгрунтаванымі, бяздоказнымі і палітызаванымі.
Крыніца: тэлеграм-канал Міністэрства абароны.
Паводле ведамства, на 16:00 26 жніўня літоўскі бок не прадаставіў інфармацыю «аб’екыўнага кантролю» пра інцыдэнт.
24 жніўня ў МЗС быў выкліканы пасол Беларусі ў Літве, якому была ўручаная нота пратэсту супраць парушэньня дзяржаўнай мяжы Літвы, паведамляе МЗС краіны.
«Іх верталёт парушыў нашу паветраную прастору», — паведаміў у панядзелак BNS міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус.
Ён заявіў, што верталёт быў бачны ў Мядзінінкаі, у канцы жывога ланцуга людзей. «Яго можна было бачыць візуальна. У нас ёсьць інфармацыя нашага кантролю за паветранай прасторай, што ёсьць парушэньне», — дадаў кіраўнік дыпляматычнай службы Літвы.
Раней паведамлялася, што беларускае Мінабароны спыніла спробу парушэньня паветранай прасторы Беларусі з боку Літвы. Адтуль быў запушчаны «зонд з васьмі паветраных шароў з антыдзяржаўнай сымболікай».
«Экіпажы верталётаў МІ-24 перарвалі палёт паветраных шароў без выкарыстаньня зброі».
Літва сьцьвярджае, што, ганяючыся за паветранымі шарыкамі з беларускім нацыянальным сьцягам, беларускі верталёт заляцеў у літоўскую паветраную прастору каля Меднікаў.