Міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас заяўляе аб недапушчальнасьці дзеяньняў беларускіх уладаў, накіраваных на ўзмацненьне рэпрэсій супраць удзельнікаў вулічных акцый і сяброў Каардынацыйнай рады.
«Гэтыя мужныя грамадзяне выходзяць на вуліцы сваёй краіны супраць фальсыфікацый на выбарах і за права на свабоду і дэмакратыю. Яны просяць няшмат, але і ня менш, чым адкрыты дыялёг з уласным урадам. Абсалютна недапушчальна, што сяброў Каардынацыйнай рады арыштоўваюць, дапытваюць і запалохваюць», — адзначаецца ў заяве Гайка Мааса, апублікаванай на сайце Міністэрства замежных спраў Нямеччыны.
Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны паведаміў, што 27 і 28 жніўня ў Бэрліне міністры замежных спраў краін Эўразьвязу абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі:
«Мы не пакінем без адказу сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека і фундамэнтальных дэмакратычных прынцыпаў».