23 жніўня пасьля маштабных акцый пратэсту ў Менску ў Палац Незалежнасьці прыляцеў на верталёце Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем. Абодва былі ў бронекамізэльках і са зброяй у руках. Што гэта была за зброя?
Што трымаў Аляксандар Лукашэнка
У руках у Аляксандра Лукашэнкі быў аўтамат Калашнікава, падобны да мадыфікацыі АКС-74У. У параўнаньні з АК-74, такі аўтамат карацейшы амаль удвая. Паказальна, што сьпярша Аляксандар Лукашэнка выйшаў зь верталёта без ражка ў аўтамаце, гэта значыць без патронаў. Пазьней, на відэа, дзе Лукашэнка выйшаў за межы Палаца Незалежнасьці да сілавікоў, ражок у аўтамаце ўжо быў.
Што было ў Мікалая Лукашэнкі
Мікалай Лукашэнка на відэа быў у бронекамізэльцы, касцы і таксама са зброяй у руках.
«Гэта стандартныя бронекамізэлькі з рыштунку міліцыі. Аўтамат — спэцыяльны ўкарочаны Калашнікава, якім узбройваецца міліцыя, экіпажы баявых лётчыкаў. Проста такі аўтамат мае маленькі габарыт», — кажа вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.
Паводле экспэрта ў бясьпецы Андрэя Сыцько, аўтамат у руках Мікалая Лукашэнкіпадобны да АК-74.
Ці можа падлетак насіць зброю
«У першую чаргу тут адказнасьць на бацьках. Вядома, ён незаконна насіў зброю, калі гэта зброя баявая, калі гэта не страйкбольны муляж ці пнэўматычная зброя. У Беларусі ў законе прапісана, хто можа насіць зброю і яе выкарыстоўваць: вайскоўцы, прадстаўнікі праваахоўных органаў. Ёсьць зброя баявая, службовая і цывільная. Тыя, хто можа насіць зброю, мусяць быць паўналетнія і прайсьці адпаведную камісію», — гаворыць Андрэй Сыцько.
У законе «Аб зброі» прапісана, што «асобы, якія не дасягнулі 18 гадоў, ня маюць права на куплю і нашэньне зброі». Раней падчас заняткаў у вайсковай падрыхтоўцы ў школе падлеткаў маглі вадзіць на стрэльбішча, але гэта было пад наглядам інструктара і зброя выдавалася, толькі каб пастраляць, але не насіць яе, успамінае Андрэй Сыцько.
Праваабаронца і юрыст Валянцін Стэфановіч зазначае, што Мікалай Лукашэнка — «цывільная непаўналетняя асоба».
«Мікалай Лукашэнка не вайсковец, ён непаўналетні школьнік, ён звычайная цывільная асоба, паводле закону ён не павінен хадзіць са зброяй, тым больш там былі людзі са зброяй, якія могуць яе насіць. Абсалютна не зразумелая неабходнасьць насіць аўтамат», — кажа Стэфановіч.
Але як выключэньне
Кадры, якія распаўсюдзіла прэс-служба Лукашэнкі, выглядаюць пастановачнымі, таму нельга выключаць, што ў руках Мікалай Лукашэнка трымаў не баявы аўтамат, а страйкбольны муляж, які падлетку можна насіць. Такія аўтаматы выкарыстоўваюцца для гульні ў страйкбол, яны могуць цалкам нагадваць сапраўдную зброю ці нават быць яе поўнай копіяй, але страляюць плястмасавымі кулямі.