Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як у кіно пра канцлягер». Чатыры гісторыі пра тое, як білі і катавалі ў Віцебску


Зламаныя акуляры Ўладзімера Булаўскага
Зламаныя акуляры Ўладзімера Булаўскага

Мы пагутарылі зь віцяблянамі, якіх затрымлівалі 9 жніўня — перад выбарчым участкам, падчас шпацыру, у цэнтры гораду, каля дому. Іх зьбівалі і трымалі за кратамі. Яны расказалі пра фізычны боль і маральны ціск. Пра стаўленьне як да злачынцаў. Хоць закону яны не парушалі. Парушаліся іх правы.

«Ты жывеш, і раптам трапляеш у кіно пра канцлягер»

  • Максім Жукаў, 45 гадоў, прадпрымальнік, грамадзкі дзеяч, за свой кошт аднаўляе сядзібу батаніка Адамава пад Віцебскам.
  • Атрымаў 15 сутак арышту за тое, што прыйшоў даведацца вынікі галасаваньня.

Максіма затрымалі ўвечары 9 жніўня каля выбарчага ўчастку. Ён разам зь сябрамі прыйшоў убачыць вынікі галасаваньня. Зь яго слоў, каля 40-й школы ў Першамайскім раёне Віцебску было ня больш за пятнаццаць чалавек. Міліцыя і АМАП, якія зьявіліся неўзабаве, назвалі дзеяньні віцяблян несанкцыянаваным мітынгам і прасілі разысьціся.

«Я пачаў гэта здымаць. Праз хвіліну мяне схапілі пад рукі, пасадзілі ў „бобік“ і павезьлі ў ізалятар», — узгадвае падзеі Максім.

У камэру Максіма адвялі пасьля поўначы. Акрамя яго, там было яшчэ сем чалавек.

«У ІЧУ амаль усе камэры як лазьня, — апісвае ўмовы ўтрыманьня суразмоўца. — У кожным куце ад вільгаці — чорная цьвіль. Унітаз стаіць проста ў камэры, безь перагародак. У некаторых людзей забіралі абутак. Яны заставаліся босыя. Бялізны не было. Мы ляжалі на мэталічных пласьцінах. На 20 хвілін забываесься, пасьля пачынае ўсё балець. Затое дазвалялі ляжаць днём — можна было распрануцца і хаця б майку пад галаву падкласьці».

Максім Жукаў
Максім Жукаў

На другую ноч затрыманых павезьлі ў аўтазаку ў СІЗА — паводле міліцыянтаў, на «бясплатную экскурсію».

«На надглядзе нам загадалі распрануцца дагала і прымусілі прысядаць. Пасьля разьмеркавалі па камэрах. Выдалі матрацы. Мы некалькі гадзін змаглі паспаць. А шостай — пад’ём разам з гімнам. Пасьцель скруцілі, вынесьлі — і можна альбо сядзець на ложках з жалезнымі пруткамі, альбо стаяць. Кожныя 15 хвілін робіць заўвагі наглядчык.

„Што, паглядзелі, што вас тут чакае, каз***? Жывёлы, будзеце на плошчу хадзіць!“ — мат і абразы ў наш бок ішлі бесьперапынным фонам».

Закрыты суд над Максімам адбыўся днём у ізалятары часовага ўтрыманьня. Па частцы 1 артыкула 23.34 — за парушэньне заканадаўства адносна арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў — яму далі 15 сутак. Адбываць тэрмін зноў павезьлі ў СІЗА.

Максім Жукаў
Максім Жукаў

«Другі раз нас больш жорстка прымалі, — кажа Максім. — У два шэрагі стаяць „пясочнікі“ з аўтаматамі, у масках. Бляшаны ангар. Сабакі. Ноч. Выбягаеш па адным. Напаўсагнуты, вочы ўніз. Усіх да сьцяны. Цябе штурхаюць, але так, каб не заставалася сьлядоў. Перадусім гэта калечыць маральна. Ты жывеш, і тут трапляеш у кіно пра канцлягер. Сюррэалізм нейкі. Людзі ў шокавым стане. Ты нічога не разумееш.

Пасьля бяжыш у бэтонны бокс, адтуль — на надгляд. Зноў разьдзявацца, прысядаць — пад пагрозы, што самае страшнае наперадзе. Бо ўказаньне зьверху было.

Я ня еў амаль чацьвёра сутак. Ім усё роўна, а мне больш для маральнай падтрымкі. Таксама ратаваў гумар, праўда — чорны.

У СІЗА было страшна. Ты ў закрытай прасторы, сярод узброеных людзей, з натрэніраванымі сабакамі. Яны могуць рабіць з табой усё, што захочуць. І ніхто пра гэта не даведаецца. Нам казалі: хутка зьбіраем ложак, інакш сабак спусьцім вам у камэру, будзеце скакаць пад столь. І яны маглі гэта зрабіць. І звонку ніхто б не дазнаўся».


«Але нам пашанцавала, — дадае Максім. — У параўнаньні зь Менскам у нас быў пяцізоркавы курорт. Нягледзячы на маральны ціск».

Максім кажа, што на пятыя суткі стаўленьне да затрыманых зьмянілася. А ўвечары людзей адпускалі міліцыянты «з дрыжачымі рукамі». Максім адседзеў пяць сутак з пятнаццаці. Утрыманьне за кратамі абыдзецца яму прыблізна ў 70 рублёў.

Пасьля выхаду Максім разам з сукамэрнікамі і іншымі затрыманымі, чые кантакты ўдалося знайсьці, падалі скаргі на рашэньні суду. Грашыма, якімі Максіма падтрымлівалі неабыякавыя беларусы, ён усім аплаціў пошліну на падачу скаргі.

Максім лічыць, што цяпер варта максымальна распаўсюджваць інфармацыю пра зьверствы сілавікоў.

«Гэтых людзей трэба судзіць, саджаць за краты. Некаторых — пажыцьцёва».

«Нармальны чалавек ня можа так біць»

  • Мікола Качурэц, 61 год, кіроўца-міжнароднік
  • Нягледзячы на ўзрост, Міколу зьбівалі, выдзіралі валасы. Зьбітага трымалі ў камэрах ІЧУ і СІЗА, адмаўлялі ў леках.
Мікола Качурэц
Мікола Качурэц

Два гады таму Мікола кінуў курыць, бо перанёс інфаркт і прымае лекі. Цягам апошніх тыдняў скурвае дзьве пачкі штодня. Здымае стрэс.

«9 жніўня, калі я выйшаў з дому, чуў, што машыны гудуць. Веры не было, што людзі выйдуць, але вырашыў прайсьціся, паглядзець. Я ўзяў з сабой бел-чырвона-белы сьцяг.

Бліжэй да плошчы мне сказалі, што АМАП разганяе і „круціць“ людзей. Я пачаў расчахляць сьцяг. Падняў. Нас ішло разам чалавек 50–60. Так мы дайшлі да „Брыгантыны“ (будынак былога кінатэатру на скрыжаваньні вуліцы Чкалава і праспэкту Будаўнікоў, дзе ў Віцебску некалькі дзён запар былі масавыя затрыманьні. — РС).

Каля мяне спыніліся бусы. Яны (АМАПаўцы) беглі да маладзейшых. Я схапіў аднаго за руку, і тады пачалася барацьба. Падбег другі. Мяне скруцілі і зацягнулі ў бус. У бусе было ўражаньне, што мяне забіваюць. Білі кулакамі — у галаву. Удары былі моцныя, бачна, што яны прафэсійна натрэніраваныя.

Адзін зь сілавікоў схапіў мяне за валасы. Крычаў: „А, ты яшчэ валасаты? Хочаш перамен? Трымай!“ Біў моцна. Нармальны чалавек ня можа так біць. Гэта зьверства, фашызм. Ён крычаў і дзьвюма рукамі драў валасы.

Мікола Качурэц
Мікола Качурэц

На мяне пасьвяцілі ліхтарыкам. У мяне было расьсечана каля вока, носам ішла кроў. Мяне працягвалі зьбіваць. Можа, я крыху блытаюся. Запамінаць не хацелася. Хацелася толькі перажыць гэта. Пасьля мяне выцягнулі за капюшон і кінулі ў другі бус.

Потым нас доўга вазілі па горадзе. Прывезьлі ў ізалятар. Яшчэ дзьве-тры гадзіны стаялі ў бусе ў двары. Нас не выпускалі ў прыбіральню. Крычалі, як на жывёл. Толькі а пятай гадзіне раніцай адвялі ў камэру».

За вечаровы шпацыр па горадзе Міколу прысудзілі 15 сутак. Пяць зь іх ён адседзеў у камэрах ізалятара і СІЗА, які віцябляне сталі называць канцлягерам.

Мікола Качурэц
Мікола Качурэц

«Нас распраналі, абшуквалі. Былі зьдзекі, грубы тон, абразы. Да нас ставіліся як да злачынцаў і забойцаў. Усе былі ў масках, бяз бэйджаў.

Калі нас прывезьлі ў турму, з аўтазаку я выходзіў апошнім, чуў брэх сабак, стук дубінак па сьпінах. Я быў добра пабіты. Вельмі балелі рэбры. Думаў, што пералом. Мяне штурхалі, бо бегчы ня мог. Быў загад глядзець у падлогу. Мы стаялі ўздоўж сьцяны. Людзей зьбівалі. Я сеў на дыбачкі, астатнія стаялі на каленях. Побач стаяў віцебскі бізнэсовец, у яго свая крама. Ён казаў, што ў яго дзьве апэрацыі на нагах, ён ня можа стаць на калені. Яго зьбілі. На ўсе загады прымушалі адказваць: „Так точно!“. Інакш — дубінка.

Мэдычнай дапамогі не аказвалі. У мяне быў інфаркт. Я сяджу на таблетках. Штодзённа прымаю лекі для зьбіцьця ціску, разрэджваньня крыві, зьніжэньня халестэрыну. Мая сяброўка даведалася, дзе я. Прынесла лекі, але мне іх не перадалі. Я прасіў штодня. Адну таблетку мне далі раніцай на пятыя суткі, калі стаўленьне да нас зьмянілася і людзей пачалі адпускаць».

Мікола кажа, што яго баяліся вызваляць, бо вочы былі чорныя, а твар — увесь сіні і распухлы. Сукамэрнікі сталі прасіць: «Адпусьці дзеда!» Сябры перадалі яму акуляры і маску. Мікола выходзіў на волю з прыхаваным тварам.

Мікола Качурэц
Мікола Качурэц

«Я пайшоў у траўмапункт. Зрабіў рэнтген, тамаграфію. Рэбры цэлыя. Пашкоджаньні зьнешнія. У галаве, сказалі, гематомы няма. Доктар накіраваў вынікі агляду ў пракуратуру. Сьледчы мяне апытаў».

Мікола адзначае, што з кожным днём пачуваецца лепш.

«Першыя дні пасьля вызваленьня лячыўся і сядзеў у інтэрнэце. Плакаў ад таго, што адбываецца. Больш за ўсё я баяўся, калі выйду, даведацца, што ўсе разьбегліся і пахаваліся».

У панядзелак, 17 жніўня, Мікола быў сярод пятнаццаці дэлегатаў ад народу на сустрэчы з чынавенствам у аблвыканкаме. Як сьведка і сьведчаньне жорсткага абыходжаньня зь мірнымі дэманстрантамі.

«Чыноўнікі апраўдваліся, што дзеяньнямі сілавікоў яны прадухілілі беспарадкі ў горадзе, баяліся, каб не разабралі плітку, не паламалі лаўкі. У выніку — пачалі ламаць людзей.

Такой жорсткасьці я ня памятаю. У маладосьці мы біліся, але былі пэўныя прынцыпы. На дзяўчат альбо людзей сталага веку ніхто рукі не падымаў».

«Гэта было падобна да нейкага выкраданьня»

  • Уладзімер Булаўскі, 31 год, музыка, гісторык, грамадзкі актывіст
  • Моцна зьбілі пры затрыманьні ў асноўны дзень выбараў. Паводле доктара, які фіксаваў пабоі, траўмы маюць крымінальны характар
Уладзімер Булаўскі
Уладзімер Булаўскі

«Увечары 9 жніўня пасьля галасаваньня я сустрэўся зь сябрамі ў цэнтры гораду. У мяне на руцэ быў павязаны стужкай бел-чырвона-белы сьцяг. Мы ўжо ведалі, што ў Віцебску ідуць затрыманьні ў раёне плошчы Перамогі. Мы ішлі па Маскоўскім праспэкце ў бок кавярні Zdoba. Я хацеў у прыбіральню, таму прапанаваў сябрам зайсьці ўсярэдзіну. Мы не дайшлі да кавярні літаральна мэтраў 5–6.

Убачылі бусік і аўтазак. Але мы ішлі абсалютна мірна, нічога не выкрыквалі, я не падымаў сьцяг. Да мяне ззаду падбег мужчына ў міліцэйскай форме. Як кажуць сьведкі, гэта быў маёр. Ён не прадставіўся, сказаў, што я затрыманы, і пачаў душыць мяне дубінкай. Ён паваліў мяне на зямлю, працягваў душыць, пераціснуў мне мачавы пузыр каленам. Ад гэтага я абмачыўся.

Уладзімер Булаўскі
Уладзімер Булаўскі

Ён пачаў крычаць, каб я ўставаў і ішоў. Пры гэтым утрымліваў мяне на зямлі і ўдарыў па твары. Падбеглі ягоныя калегі і ўтрох пачалі зьбіваць мяне дубінкамі. Я казаў, што пайду сам. Ад болю я ішоў марудна, мяне пастаянна штурхалі. У аўтазак пхнулі так, што я моцна ўдарыўся галавой аб сьценку. У камэры аўтазаку, разьлічанай на дваіх, мы сядзелі ўтрох. Не было чым дыхаць.

Пры затрыманьні мне зламалі акуляры. Пакуль маёр іх не адрамантуе, буду хадзіць бяз дужкі. Хай бачаць.

Пасьля мяне перавялі з аднаго аўтазаку ў іншы. Некалькі гадзін вазілі па горадзе. У ІЧУ свабодных месцаў не аказалася. Нас павезьлі далей. Куды — ніхто не адказваў. Гэта было падобна да нейкага выкраданьня. Пасьля я даведаўся, што мы былі ў спарткомплексе дэпартамэнту аховы Першамайскага РАУС.

Нас вывелі з аўтазаку і па адным заводзілі ў спартовую залю. Прымусілі зьняць абутак і шкарпэткі. Усіх паставілі на калені, рукі за галаву. Я сказаў, што ў мяне праблемы з каленам, і мне дазволілі стаць так, як зручна. Унутры былі каля 20 міліцыянтаў у масках. Старэйшыя па званьні не хавалі свае твары.

Над спартовай заляй быў другі паверх — бальконам. Там стаялі нейкія жанчыны і сьмяяліся з таго, як паводзяць сябе затрыманыя. Нас было 33 чалавекі — хлопцы і адна дзяўчына. Двух хлопцаў пачалі зьбіваць, каб застрашыць астатніх. Аднаму зь іх стала дрэнна. Яго забрала хуткая. У аднаго з мужчын, які быў са мной у аўтазаку, была праблема з прастатай. Яго не выпускалі ў прыбіральню. Проста далі бутэльку. У залі ў яго здарыўся сардэчны прыступ. Пакуль ехала хуткая, яму не аказвалі дапамогі.

Амаль гадзіну людзей трымалі на каленях. Забаранялі паварочваць галаву, мяняць становішча рук і ног, білі дубінкамі. Пасьля па адным пачалі заводзіць у пакой да супрацоўнікаў. Пратаколаў не складалі. Толькі запісвалі тлумачэньні, пры якіх абставінах затрыманы.

Толькі праз чатыры гадзіны пасьля затрыманьня мне дазволілі зайсьці ў прыбіральню.

Адпусьцілі мяне пасьля трэцяй гадзіны ўначы.

На наступны дзень я пракансультаваўся з праваабаронцамі. Сябар сфатаграфаваў кожную маю траўму. На здымках выставілі дату і час. Я схадзіў у пракуратуру, напісаў заяву, у якой патрабаваў выдаць накіраваньне на судмэдэкспэртызу і прыцягнуць да адказнасьці службоўцаў, якія затрымлівалі мяне без падставы і зьбілі.

У траўмапункце лякарні хуткай мэдычнай дапамогі нэўрахірург і траўматоляг зафіксавалі мае пашкоджаньні, зрабілі рэнтген ступні, РКТ галаўнога мозгу — я перанёс некалькі траўмаў галавы, маю ня вельмі добры дыягназ, з прычыны якога быў вызвалены ад воінскай службы.

У даведцы пазначана: удар правай скроневай вобласьці, кровападцёк твару, мяккай тканкі ў вобласьці левага плечавога сустава, удар левай ступні, пашкоджаньні каленных суставаў.

Доктар адразу сказаў, што гэта траўмы крымінальнага характару. З траўпамункту патэлефанавалі ў міліцыю. Праз гадзіну мне ўжо званілі службоўцы, каб дазнацца, пры якіх абставінах мяне зьбілі».

Увечары 10 жніўня Ўладзімера затрымалі другі раз, калі ён быў на прыпынку недалёка ад плошчы Перамогі. Зь яго слоў, аўтазак падрэзаў аўтобус, і людзей пачалі «пакаваць». Уладзімера не зьбівалі. Склалі пратакол, зь якім ён не пагадзіўся, і ўначы адпусьцілі.

«Мне ня верылі, бо я выглядаю іначай»

  • Сяргей Міраненка, свабодны мастак, 39 гадоў
  • Сядзеў у турме, бо “жыве ў цэнтры, носіць кілт і мае татуіроўкі”. Пасьля вызваленьня ў знак пратэсту мастак састрыг доўгія валасы.
Сяргей Міраненка
Сяргей Міраненка

Віцебскі мастак Сяргей Міраненка жыве недалёка ад плошчы Перамогі. У ноч з 9 на 10 жніўня ён сядзеў з малым дзіцем. Пасьля выйшаў прайсьціся.

«Мяне адразу затрымалі. Падбеглі ззаду, узялі пад рукі і павялі ў аўтазак. Затрымлівала чалавек шэсьць. Настолькі я небясьпечна выглядаю зьнешне. Я спытаў прычыну затрыманьня, мне адказалі, што ўсё патлумачаць.

У РАУСе сказалі, што ў мяне на твары напісана, што я экстрэміст, завадатар натоўпу, таму што я выглядаю так, як выглядаю».

Сяргей адзначае, што ўсё жыцьцё хацеў быць не такім, як усе. Ужо некалькі гадоў мастака пазнаюць у Віцебску ў тым ліку па зьнешнім выглядзе — ён адзіны чалавек у горадзе, які носіць кілт. Вобраз быў дапоўнены доўгімі валасамі.

Сяргей Міраненка
Сяргей Міраненка

«Мне падабаецца кілт. У ім я адчуваю сябе свабодна. Мне так падабаецца. Я мастак. У мяне свой погляд на сьвет. Сумбурны. Я раблю над сабой лёгкія пэрформансы. Хтосьці мой вобраз успрымае, хтосьці — не. Часта глядзяць як на дзівака. Але мяне гэта не кранае.

У аўтазаку зь мяне кпілі. Па дарозе намагаліся падняць дубінкай кілт і паглядзець, ці сапраўдны я шатляндзец. Ён цяжкі, важыць амаль два кіляграмы, таму падняць яго дубінкай не ўдалося.

У ізалятары мяне паставілі ў калідоры. Прымусілі распрануцца. Я стаяў каля сьцяны, ногі на шырыні плеч, напаўсагнуты. Крычалі, што тварам я падобны да ўкраінца. Адказаў, што я беларус. Але мяне працягвалі пераконваць, што я ўкраінец. Стаяць было нязручна. Сьпіна ў напрузе, а ў мяне дзьве траўмы пазваночніка. Мяне пачало трэсьці, бо ў такім становішчы я не магу стаяць больш за пяць хвілін. Мне сказалі, што калі ня так, то паставяць у гэткую позу, у якой я ўвогуле не змагу стаяць.

Сяргей Міраненка
Сяргей Міраненка

У асобным кабінэце мне задавалі пытаньні пра абставіны затрыманьня. Мне не паверылі. Сказалі, што пры маім выглядзе гэта могуць быць толькі казкі. Таксама міліцыю цікавіла, колькі мне заплацілі, каб я выйшаў на вуліцу.

Кожны імкнуўся мне сказаць, што я вольны шатляндзец, які прыехаў змагацца за свабоду Беларусі. І ўсё, чаго я дабіўся, — гэта арышт».

Сяргею далі 10 сутак.

«Суд адбыўся толькі з слоў службоўца, якія мяне затрымліваў. Нібыта я ішоў у натоўпе, выкрыкваў лёзунгі і махаў рукамі. Пры гэтым я чалавек апалітычны. Але апраўдвацца бессэнсоўна. Я напісаў, што нязгодны з тым, што мне прад’яўляюць. Адзіная мая віна ў тым, што я быў на вуліцы. І жыву ў цэнтры. Усім, хто згаджаўся з абвінавачаньнем, давалі штрафы. Нязгодным — суткі. Гэта быў маральны ціск. Імкнуліся давесьці, што ўлада пакажа, як сябе трэба паводзіць».

Некалькі сутак пасьля суду Сяргей правёў у турме.

«З ізалятара ў СІЗА нас вывозілі апоўначы. У камэру я зайшоў а шостай раніцы. Ніколі ня думаў, што апынуся ў такім месцы. Што да цябе будзе стаўленьне, як да злачынцы, асуджанага пажыцьцёва.

У турме — рэжым. Пад’ём а шостай, адбой — а дзясятай. Раніцай і ўвечары — абход. Сьвятло гарыць круглыя суткі. Цэлы дзень сядзіш альбо стаіш. Замкнутая прастора, адсутнасьць навін. Некалькі дзён па радыёкропцы гучала Біблія. Усё гэта было вельмі складана вытрымаць».

Сяргей Міраненка
Сяргей Міраненка

Сяргей адседзеў пяць сутак. Празь дзень пасьля вызваленьня ён састрыг валасы.

«Цяпер я лысы. Гэта ўнутраны пратэст адносна таго, што я ўбачыў. У мяне рэзка зьмянілася стаўленьне да людзей, якія, як я думаў раней, павінны нас абараняць».

Сяргей Міраненка
Сяргей Міраненка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG