Украінскія спэцслужбы рыхтавалі маштабную апэрацыю затрыманьня групы баевікоў «ПВК Вагнэра», дзеля чаго выманілі іх у Беларусь, аднак спэцапэрацыя правалілася, піша «Ўкраінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве абароны і Службе бясьпекі Ўкраіны, а таксама на журналіста Юрыя Бутусава.
Паводле крыніц, распрацоўваць спэцапэрацыю пачалі больш як год таму. Украіна плянавала адшукаць і затрымаць баевікоў, якія ваявалі на Данбасе, сярод іх былі людзі, імаверна, датычныя да катастрофы Boeing MH17, зьнішчэньня Іл-76 у Луганскім аэрапорце і АН-26 каля Луганску.
Як расказвае «Ўкраінская праўда» са спасылкай на крыніцы, у рамках спэцапэрацыі баевікоў нанялі паводле падробленых дамоваў ахоўваць нафтавыя вышкі ў Вэнэсуэле. Падчас вэрбаваньня яны далі пад запіс сьведчаньні аб злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны, бо думалі, што паказваюць «працадаўцу» ўзровень «кваліфікацыі».
Група складалася з 33 чалавек, сярод іх былі 28 баевікоў, якіх мелі затрымаць. 9 зь іх былі грамадзянамі Ўкраіны, 11 значыліся ў базе «Міратворца». Ня ўсе найміты служылі ў «ПВК Вагнэра».
Паводле пляну, 24 ліпеня групу мусілі прывезьці з Масквы ў менскі аэрапорт. Не затрымліваючыся ў Беларусі, 25 ліпеня група мела вылецець у Турэччыну рэйсам Менск — Стамбул. Паводле задумы, падчас пералёту самалёт павінен быў тэрмінова сесьці ў адным з украінскіх аэрапортаў, бо аднаму з пасажыраў, ролю якога меўся выконваць агент СБУ, нібыта стала б дрэнна. Пад выглядам мэдыкаў у самалёт зайшла б група спэцназу і затрымала б «вагнэраўцаў». Аднак плян не ўдалося рэалізаваць.
24 ліпеня аб фінальнай стадыі апэрацыі далажылі прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. На дакладзе прысутнічаў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак і яшчэ некалькі чалавек. Ярмак прапанаваў адкласьці апэрацыю, каб не сарваць абмен палоннымі, які тады абмяркоўваўся з Расеяй. Зяленскі яго падтрымаў і запатрабаваў перанесьці апэрацыю на 30 ліпеня.
25 ліпеня група ня села на рэйс да Стамбулу, а засялілася ў санаторый з загадам чакаць 30 ліпеня. 29 ліпеня іх затрымалі, а 14 жніўня перадалі Расеі, хоць да гэтага Ўладзімір Зяленскі прасіў Лукашэнку перадаць іх Украіне і Лукашэнка «заявіў пра гатоўнасьць да супрацы». Украінская выведка лічыць, што гэта адбылося з прычыны «зьліву» інфармацыі ў ФСБ Расеі.