Кіраўніка «Тэлевізійнага Жодзінскага тэлеканалу» Эльшада Акберава адхілілі ад пасады «з прычыны трансьляцыі відэа з гвалтоўнымі разгонамі пікетаў і думак замежных палітолягаў пра сытуацыю ў Беларусі», — гаворыцца ў пратаколе агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА «Тэлевізійны Жодзінскі тэлеканал», піша Interfax.by.
У пратаколе пазначана, што на сходзе прысутнічалі два чалавекі, у руках якіх знаходзіцца статутны фонд ТАА. Яны аднагалосна пастанавілі адхіліць Эльшада Акберава ад працы, а таксама спыніць вяшчаньне тэлеканалу і ўсіх сацыяльных сетак ад імя ТАА «Тэлевізійны Жодзінскі тэлеканал».
Кіраўнік Жодзінскага райвыканкаму Дзьмітры Заблоцкі пасьля пагрозы страйку на БелАЗе 14 жніўня сустракаўся з калектывам прадпрыемства і гараджанамі. Аднак прысутных вынікі сустрэчы не задаволілі, і пратэсты ў горадзе працягнуліся.
Адным з патрабаваньняў пратэстоўцаў было вывесьці з гораду АМАП і іншых «людзей у форме», якія, як казаў мэр, павінны «выключна ахоўваць СІЗА, што знаходзіцца пры турме ў Жодзіне».