Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні тысяч выйшлі на Марш Свабоды, Лукашэнка заявіў, што ўладу не аддасьць. Найважнейшае за 16 жніўня


Сёньня па ўсёй Беларусі адбыліся шматтысячныя Маршы Свабоды, дзе мірныя пратэстоўцы патрабавалі вяртаньня справядлівасьці, спыненьня гвалту і адстаўкі Лукашэнкі.

Пасьля поўдня на плошчы Незалежнасьці ў Менску прайшоў мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, у якім узяло ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Многія ўдзельнікі арганізавана прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі спэцыяльнымі аўтобуснымі і чыгуначнымі рэйсамі. Сам Лукашэнка таксама прыбыў на плошчу і ў сваім выступленьні паўтарыў, што ўладу аддаваць не зьбіраецца.

Па абедзе каля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся больш за 100 тысяч удзельнікаў «Маршу Свабоды». Была занятая ўся тэрыторыя каля музэю Вялікай Айчыннай вайны, парку Перамогі, праспэкту Пераможцаў і прылеглых вуліц. Атмасфэра была ўзьнёслая, людзі не чакалі, што прыйдзе так шмат. Удзельнікі мітынгу падтрымалі патрабаваньне каардынатаркі аб’яднанага штабу Марыі Калесьнікавай аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі. «Наша галоўнае патрабаваньне — былы прэзыдэнт мусіць падаць у адстаўку. 26 гадоў кашмару павінны скончыцца, гэта не павінна працягвацца», — заявіла Калесьнікава пад ухвальныя воклічы мітынгоўцаў. Пасьля ўдзельнікі маршу рушылі да праспэкту Незалежнасьці. Людзі трымалі плякаты: «Вярніце мой горад!», «Трыбунал», «Ярмошыну — на Акрэсьціна», «Выключай БТ», «Сьвета — наш прэзыдэнт», «Свабоду палітвязьням!». Дэманстранты нясуць два велізарныя 100-мэтровыя сьцягі. Пазьней дзясяткі тысяч прыхільнікаў перамен сабраліся на сталічнай плошчы Незалежнасьці. Марш Свабоды прайшоў мірна, без умяшаньня сілавікоў.

Маршы Свабоды з масавым удзелам жыхароў адбыліся сёньня ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.

Сынод Беларускай праваслаўнай царквы выступіў са зваротам да народу Беларусі аб спыненьні супрацьстаяньня. «Мы верым і спадзяёмся, што кіраўніцтва краіны, якое па праве заклікана паважаць і ахоўваць свой народ, спыніць гвалт, пачуе голас пакрыўджаных і нявінна пацярпелых у пэрыяд супрацьстаяньня, а тых, хто праявіў зьверства і жорсткасьць, аддасьць законнаму суду і асуджэньню», — гаворыцца ў звароце.

У Касьцюкоўцы пад Гомлем адбылося разьвітаньне з Аляксандрам Віхорам, які загінуў пасьля таго, як яго затрымаў АМАП.

Адбылася новая тэлефонная размова кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі. Удакладняецца, што абодва пацьвердзілі дамоўленасьць, што ў выпадку абвастрэньня сытуацыі па лініі вонкавых пагрозаў бакі будуць рэагаваць сумесна ў адпаведнасьці з палажэньнямі, прадугледжанымі Дамовай аб калектыўнай бясьпецы.

Сёньня з ізалятара на Акрэсьціна выйшлі гукарэжысэры Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, якія ўключылі 6 жніўня ў Кіеўскім сквэры ў Менску песьню Цоя «Перамен». Яны правялі за кратамі 10 сутак. Хлопцы сказалі, што адчуваюць сябе добра, але пакуль «ня ведаюць, у якую краіну сёньня выйшлі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG