13 жніўня Вярхоўны суд «у сувязі са шматлікімі просьбамі» апублікаваў сьпіс тых, каго асудзілі па адміністрацыйных справах у судах Менску 11 жніўня.
У сьпісе больш за 500 прозьвішчаў, штрафаў няма, усіх асудзілі на «суткі».
Некаторым давалі 4 дні адміністрацыйнага арышту, некаторым — па 25 сутак. Найбольш часты прысуд — 15 сутак. Сьпіс цалкам можна пабачыць па спасылцы.
Пасьля масавых затрыманьняў падчас пратэстаў у Менску ў сувязі з абвяшчэньнем перамогі Аляксандра Лукашэнкі на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах сваякі затрыманых па некалькі дзён не маглі даведацца, дзе знаходзяцца іх родныя. І хоць Міністэрства ўнутраных спраў паабяцала, што «інфармацыю пра затрыманых падчас пратэстаў у Менску можна атрымаць круглыя суткі», некаторыя, хто званіў туды, не атрымлівалі ніякай інфармацыі.
Ля ізалятару часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна зьбіраліся сотні чалавек: людзі шукалі сваіх сыноў, дачок, мужоў ці жонак, дзядзькоў, сяброў, пра якіх ужо некалькі дзён няма ніякай інфармацыі.