Лінкі ўнівэрсальнага доступу

36 чалавек у камэры, разьлічанай на чацьвярых. Тры дні бязь ежы


Сваякі затрыманых прынесьці перадачы на Акрэсьціна, 12 жніўня
Сваякі затрыманых прынесьці перадачы на Акрэсьціна, 12 жніўня

«Мы нават радаваліся, што нас ня кормяць, каб не хадзіць у прыбіральню ў камэры».

Акторка Свабоднага тэатру Даша Андрэянава дзеліцца ўражаньнямі ад знаходжаньня на Акрэсьціна.

9 жніўня ўвечары акторка Свабоднага тэатру Даша Андрэянава разам з калегамі Сьветай Сугакай і Надзяй Бродзкай былі на выбарчым участку каля Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту на Захарава. Пад’ехалі два мікрааўтобусы, выскачылі сілавікі ў поўнай выкладцы, і дзяўчаты зразумелі, што іх будуць забіраць. Забралі, потым перасадзілі ў іншую машыну.

«Гэта такі „бобік“: унутры два „стаканы“ з лаўкамі, а ў канцы машыны клетка. У клетку запхнулі чацьвярых хлопцаў, яны вельмі высокія — не памяшчаліся, па іхных нагах дзьвярамі білі. Прывезьлі на Акрэсьціна, паставілі тварам да сьцяны. Прымусілі падпісаць паперкі, што мы ня хворыя на сыфіліс ды іншыя хваробы, што ня маю патрэбы ў інсуліне, прычым нас нават ня слухалі, пісалі „не, не, не“ — гэта замест мэдычнага агляду», — узгадвае Даша.

Спачатку 12 чалавек пасадзілі ў адну камэру, потым у іншую, дзе былі ўжо 36 чалавек (хаця яна разьлічана на чацьвярых). Людзі выпадковыя, далёкія ад палітыкі, звычайныя жанчыны, ніколі ня ведалі і ня чулі, што такое Акрэсьціна. Яны былі ў шоку.

«Двойчы нас палівалі вёдрамі вады, бо мы крычалі: «Дайце падыхаць паветрам». Мы чулі, як зьбіваюць мужчын, як у двор прыяжджаюць аўтазакі, людзей дубасяць, а яны крычаць. Фатагравалі двойчы: у фас, профіль і ззаду — рыхтуюць пэўную базу. Адна дзяўчына не хацела фатаграфавацца, дык ёй ахоўнік кажа: «Зараз я ўсіх выведу з камэры і цябе адп---жу».

Дзяўчаты часьцяком страчвалі прытомнасьць, адну дзяўчынку ванітавала дзьве ночы запар амаль безь перапынку. Калі трэба было зьвярнуцца да наглядчыкаў, мы мусілі казаць: «Прабачце, можна я запытаюся...», у той час як яны нас абражалі, абзывалі бруднымі словамі, называлі зладзейкамі. Адзін не дазваляў на сябе глядзець, крычаў: «Мордай у падлогу!».

Яшчэ адзін момант. Наглядчыкі называюць сябе «сабакамі», выкарыстоўваючы нейкі турэмны жаргон. Нашу камэру ня білі. Калі білі кагосьці з хлопцаў, закрывалі вакенца «кармушкі», каб мы ня бачылі. А ўсё адно было чуваць. Білі хлопца і крычалі: «Слухай сабаку, празь цябе пакутуе ўся камэра». Б’юць чатыры разы, зьдзекуюцца: «Табе яшчэ сьмешна? А цяпер выцер сваё дзярмо і пайшоў у камэру». Хлопец просіць анучу, каб выцерці кроў, яны адказваюць: «Х.. табе. Узяў сваё дзярмо, выцер майкай і пайшоў у камэру», — апавядае Даша.

Тры дні жанчын не кармілі зусім. У «добрай» наглядчыцы яны выпрасілі крыху туалетнай паперы. Далі брудныя матрасы і коўдры, а хлопцам нічога не давалі, тыя спалі на голых шконках.

На трэці дзень валянтэры нейкім чынам перадалі нам пакет — адзін на 36 чалавек. Атрымалася па 4 печыўкі і адзін ёгурт на дваіх, пару салодкіх «падушачак».

«Насамрэч есьці і не хацелася — ад стрэсу. Да таго ж, самі разумееце, хадзіць у прыбіральню ў камэры на 36 чалавек было няёмка. Мы нават радаваліся, што нас ня кормяць, і нікому ня хочацца «па-вялікаму», — прызнаецца Даша.

Праз тры дні быў суд. На Акрэсьціна прывозілі судзьдзяў з Фрунзэнскага, Цэнтральнага, Маскоўскага, іншых судоў. Судовы канвэер: 5-10 хвілін на кожнага чалавека, камусьці выносілі прысуд адразу — у асноўным давалі «суткі», каб гэтыя людзі ня выйшлі на волю і заўтра зноў не пайшлі пратэставаць. Зрэдку — штрафы з абавязковым папярэджаньнем, што пры паўторным пападаньні пагражае крымінальная справа і да 3-х гадоў турмы.

«У пратаколах інфармацыя не адпавядала рэчаіснасьці: мяне затрымалі на вуліцы Захарава, а было напісана, што на праспэкце Пераможцаў, і ў той час, калі я была ўжо на Акрэсьціна.

У выніку ў мяне штраф 25 базавых. Трое сутак я праседзела проста так. У некаторых было па два суды: аднаго раёну і другога. Надзі Бродзкай далі спачатку 13 дзён арышту, потым яшчэ 5. Мы спачатку радаваліся, што ёй скарацілі адседку. Але, аказваецца, „суткі“ трэба плюсавць. У Сьветы Сугакі ў суме ці то 19, ці то 20 сутак. Камусьці прысудзілі і „суткі“, і штраф: 10 сутак і 25 базавых. І яшчэ 13 рублёў 60 капеек у дзень каштуе „гатэль „Усё ўключана““ — бяз ежы і па 36 чалавек у камэры», — кажа Даша.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG