«Чаму маўчыць так званая „айці-эліта“ Беларусі?» — задае пытаньне распарадчы дырэктар кампаніі Founders.ai і інвэстар Міхаіл Румянцаў у сваім Facebook.
«Сёньня маўчаньне — гэта горш, чым знак згоды з тым, што адбываецца. Адгаворкі ў духу „бізнэс па-за палітыкай“ не вытрымліваюць крытыкі. Размова ідзе пра базавыя чалавечыя і канстытуцыйныя правы, якія масава парушаюцца ў вас пад носам. Размова ідзе пра зьбіцьцё і забойства нявінных людзей. У беларусаў ёсьць рэальны шанец зрабіць сваю краіну нашмат лепшай і пабудаваць новую Беларусь — краіну без ілжывай і хамскай улады, краіну, дзе прэзыдэнт не называе прадпрымальнікаў „вашывымі блохамі“ і „пузатымі буржуямі“, дзе вітаецца ініцыятыва, прадпрымальніцтва і цэніцца галоўнае багацьце, якое ў нас ёсьць, — людзі». Міхаіл цяпер жыве ў Каліфорніі, але згадвае, што ўдзельнічаў у вулічных акцыях у 2006, 2010, 2011 і 2015 гадах. «ІT-прадпрымальнікі, не маўчыце, падтрымайце народ Беларусі!» — піша Міхаіл Румянцаў.
Міхаіл Румянцаў — заснавальнік і генэральны дырэктар FriendlyData, якая выкарыстоўвае апрацоўку жывой мовы для спрашчэньня пошуку ў базах зьвестак.
У кастрычніку 2018-га беларускі «стартап году» (такім яго ў 2017-м назваў партал dev.by) купіла буйная кампанія ServiceNow. Сэрвісам FriendlyData карыстаюцца ў тым ліку ў Wargaming, у стартап уклаліся больш як на мільён даляраў 12 розных інвэстараў, ён быў удзельнікам праграмы Grow with Google.
Цяпер Міхаіл займаецца новым праектам — стартапам Founders.ai.
У 2019 годзе Forbes унёс Міхаіла Румянцава ў топ-30 прадпрымальнікаў да 30 гадоў.