Міністар замежных спраў Уладзімер Макей прыняў часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джука.
Як паведамляе прэсавая служба МЗС, падчас размовы былі абмеркаваныя пытаньні беларуска-амэрыканскіх адносінаў. Акрамя таго, Уладзімер Макей праінфармаваў Джэфры Джука пра актуальную сытуацыю ў Беларусі ў сувязі з правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў.
Напярэдадні ў Камітэце міжнародных спраў Сэнату ЗША прайшлі слуханьні аб прызначэньні на пасады ў шэраг структур у ААН, а таксама на галоўныя дыпляматычныя пасады ў Кіеве і Менску.
Згодна з афіцыйнай працэдурай, кандыдатуры павінны прайсьці зацьвярджэньне ў камітэце, затым будзе агульнае галасаваньне ў Сэнаце.
Прадстаўляючы кандыдатуру Джулі Фішэр на пост амбасадара ў Беларусі, кіраўнік камітэту, рэспубліканец Джым Рыш заявіў, што гэтая намінацыя азначыць сабой важны этап у двухбаковых адносінах Беларусі і ЗША. У выпадку зацьвярджэньня Фішэр стане першым амэрыканскім амбасадарам у Беларусі за 12 гадоў.