Карпарацыя Twitter у чацьвер абвясьціла аб тым, што ў аднайменнай сацыяльнай сетцы будзе адзначаць акаўнты, якія вядуць высокапастаўленыя чыноўнікі, дзяржаўныя органы, а таксама акаўнты дзяржаўных або зьвязаных зь дзяржавай СМІ, іх галоўных рэдактараў і ключавых прадстаўнікоў.
Як гаворыцца ў паведамленьні карпарацыі, гэта зроблена для большай празрыстасьці і палягчэньня камунікацыі паміж карыстальнікамі Twitter і прадстаўнікамі дзяржавы.
На гэты момант адзначаюцца акаўнты зь пяці краінаў – пастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН, у тым ліку і Расеі.
Асабістыя акаўнты кіраўнікоў дзяржаў (у тым ліку Дональда Трампа) пазнак не атрымалі, але, напрыклад, афіцыйныя акаўнты Белага дому або брытанскага прэм’ера іх ужо маюць.
Дзяржаўнымі ці зьвязанымі зь дзяржавай мэдыя лічацца такія СМІ, у якіх дзяржава ажыцьцяўляе непасрэдны рэдакцыйны кантроль. Калі рэдакцыі СМІ, нават тыя, што фінансуюцца зь дзяржаўных сродкаў, працуюць незалежна, яны пазнак не атрымліваюць.
Раней падобную палітыку ўвяла карпарацыя Facebook.