У звароце ад 6 жніўня, апублікаваным на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына засьцерагла ад галасаваньня ў час перад закрыцьцём выбарчых камісіяў.
Лідзія Ярмошына (ад 8 хвіліны ў відэа) зьвярнула ўвагу на заклікі прыходзіць галасаваць у канцы асноўнага дня галасаваньня і «ўтварыць зборышча выбарнікаў на месцы працы ўчастковай выбарчай камісіі».
«Гэтая парада ня проста шкодная, гэта парада, якая будзе перашкаджаць вашаму галасаваньню, — заявіла яна. — У канцы дня 9 жніўня выбарчыя камісіі будуць працаваць у меншым складзе, бо частка чальцоў выбарчай камісіі паедзе са скрынямі пераноснымі для арганізацыі галасаваньня дома, па месцы знаходжаньня выбарнікаў. Таму ўжо чальцоў участковай камісіі, скажам так, ня будзе хапаць на ўсіх ахвочых.
У тым выпадку, калі будзе вялікае зборышча людзей, участковым выбарчым камісіям рэкамэндавана зрабіць прапускны рэжым, то бок прапускаць у памяшканьне ўчастковай камісіі выбарнікаў ня больш, чым будзе чальцоў участковай камісіі знаходзіцца на выдачы бюлетэняў.
Таму а 8 гадзіне вечара, калі закрыюцца ўчасткі для галасаваньня (а яны закрыюцца ў гэты час, гэта патрабаваньне закону), проста частка выбарнікаў можа застацца за парогам выбарчага ўчастка і ня ўзяць удзел у галасаваньні. Таму падумайце, ці патрэбна вам гэтая правакацыя і ці патрэбна наогул рызыка, у выніку якой вы ня зможаце скарыстацца сваім выбарчым правам».
У асноўны дзень галасаваньня выбарчыя ўчасткі маюць быць адкрытымі з 8 раніцы да 20 вечара. Нейкіх законаў або актаў, якія абавязваюць выбарніка прыходзіць у канкрэтны час або не прыходзіць у іншы, у Беларусі няма.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.