Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тое, што яны б убачылі, жахнула б іх». Як і чаму ўлады змагаюцца з альтэрнатыўным падлікам галасоў


Пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота.
Пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота.

У выніку на выбарчых участках могуць адбывацца частыя ці нават пастаянныя канфлікты, разборкі з удзелам міліцыі. То бок нават ужо сам працэс галасаваньня супраць Лукашэнкі становіцца грамадзянскім калі ня подзьвігам, то сьмелым учынкам.

Сьцісла

  • Аўтары ідэі альтэрнатыўнага падліку галасоў зыходзілі з таго, што ў эпоху інтэрнэту схаваць рэальную карціну ўсеагульнага галасаваньня немагчыма, найноўшыя тэхналёгіі даюць магчымасьць атрымаць сапраўдныя вынікі выбараў.
  • Спачатку ўлады ня ўбачылі ў сыстэме альтэрнатыўнага падліку галасоў вялікай небясьпекі. Маўляў, няхай сабе забаўляюцца ў інтэрнэце, абы на вуліцы не выходзілі.
  • Але потым улады спахапіліся. Яны нарэшце зразумелі, што калі з дапамогай згаданай сыстэмы ўдасца даказаць перамогу Сьвятланы Ціханоўскай, то гэта выштурхае людзей на вуліцу, чаго так баіцца кіраўніцтва дзяржавы.
  • Улады будуць забараняць фатаграфаваньне бюлетэня.

Аляксандар Лукашэнка 6 жніўня на чарговай нарадзе, прысьвечанай выбарчай кампаніі, даручыў Генэральнай пракуратуры і судам даць ацэнку законнасьці ініцыятываў альтэрнатыўнага падліку галасоў падчас выбараў. Тут варта заўважыць, што даўно ўжо нікога ня дзівіць, што кіраўнік дзяржавы дае даручэньне, загадвае судам. Пра незалежнасьць судовай улады, зафіксаваную ў Канстытуцыі, неяк сьмешна ўзгадваць.

Але ж вернемся да тэмы альтэрнатыўнага падліку галасоў. Гэтая прыгожая ідэя ўзьнікла ў штабах Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Яе аўтары зыходзілі з таго, што ў эпоху інтэрнэту схаваць рэальную карціну ўсеагульнага галасаваньня немагчыма, найноўшыя тэхналёгіі даюць магчымасьць атрымаць сапраўдныя вынікі выбараў. І была прапанаваная сыстэма альтэрнатыўнага падліку галасоў. Айцішнікі стварылі плятформу «Голас». Паводле задумы, выбарнікі галасуюць ня толькі на выбарчых участках, але і ў гэтай сыстэме. А на ўчастках яны фатаграфуюць свае бюлетэні, дасылаюць іх на згаданую плятформу.

Аднак адразу ўзьніклі пытаньні. Найперш, 20% насельніцтва Беларусі не карыстаецца інтэрнэтам. І ўвогуле, ці не перабольшана тэхнічная граматнасьць беларусаў?

Але больш цікава, як на ўсё гэта зрэагавалі ўлады. Спачатку, здаецца, яны ня ўбачылі ў сыстэме альтэрнатыўнага падліку галасоў вялікай небясьпекі. Маўляў, няхай сабе забаўляюцца ў інтэрнэце, абы на вуліцы не выходзілі. І Лідзія Ярмошына казала, што, маўляў, закон не забараняе фатаграфаваць выбарчы бюлетэнь, толькі нельга яго выстаўляць у інтэрнэт да заканчэньня галасаваньня, бо гэта будзе расцэнена як агітацыя ў дзень выбараў.

Але потым улады спахапіліся. Яны нарэшце зразумелі, што калі з дапамогай згаданай сыстэмы ўдасца даказаць перамогу Сьвятланы Ціханоўскай, то гэта выштурхае людзей на вуліцу, чаго так баіцца кіраўніцтва дзяржавы. Якраз тады пратэсты будуць мець канкрэтную і зразумелую мэту: бараніць здабытую перамогу.

І Цэнтральная выбарчая камісія рэзка памяняла сваю пазыцыю. На пытаньні наконт фатаздымак бюлетэня ЦВК цяпер адказвае, што гэта не прадугледжана беларускім заканадаўствам. А значыць, па лёгіцы неправавой дзяржавы, што не прадугледжана, тое забаронена. (Хоць у прававой дзяржаве ўсё якраз наадварот, там дзейнічае прынцып: што не забаронена, тое дазволена).

Спачатку ў выбарчыя камісіі прыйшоў загад зьняць шторкі з кабіны для галасаваньня. Каб выбаршчык там знаходзіўся пад наглядам выбарчай камісіі. Потым увогуле шмат дзе паставілі празрыстыя кабіны. Каб аказаць на выбаршчыка, які будзе фатаграфаваць бюлетэнь, псыхалягічны ціск.

На шэрагу ўчасткаў пайшлі далей, там зьявіліся папераджальныя надпісы, што фатаграфаваньне бюлетэня забаронена. І пры гэтым робіцца спасылка на рашэньне выбарчай камісіі.

Аднак юрыдычны грунт для такой забароны быў усё ж вельмі хісткі. Таму ўлады вырашылі яго неяк падмацаваць. Адсюль і даручэньне Лукашэнкі Генэральнай пракуратуры. Там у службовым запале могуць абвясьціць фатаграфаваньне бюлетэня адміністрацыйным правапарушэньнем.

У выніку на выбарчых участках могуць адбывацца частыя ці нават пастаянныя канфлікты, разборкі з удзелам міліцыі. То бок нават ужо сам працэс галасаваньня супраць Лукашэнкі становіцца грамадзянскім калі ня подзьвігам, то сьмелым учынкам. На гэта і робіцца разьлік.

І цяпер зразумела, чаму ўлады не запрасілі замежных назіральнікаў, усяляк тармазілі акрэдытацыю журналістаў з-за мяжы. Бо тое, што яны б убачылі тут, жахнула б іх. Такія выбары, як цяпер у Беларусі, мала ўжо дзе засталіся ў сьвеце.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG