Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месцы для агітацыі занятыя сьвятамі і канцэртамі. Хто за гэта адказны?


Падрыхтоўка да сьвяткаваньня «Дня чыгуначных войскаў» у менскім Парку дружбы народаў, 6 жніўня
Падрыхтоўка да сьвяткаваньня «Дня чыгуначных войскаў» у менскім Парку дружбы народаў, 6 жніўня

На гэтым тыдні ў сталіцы, якая займае плошчу 348,84 квадратнага кілямэтра (без уліку прыгарадаў) месца для перадвыбарчых пікетаў няма.

Усяго ў Менску выдзелена 6 месцаў для перадвыбарчых мітынгаў — усе яны далёка ад цэнтру. Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў нават падаў у суд на Менгарвыканкам і правёў паказальны пікет у зарослай сажалцы Тучынскага сквэра.

ЦВК і Менгарвыканкам уцямнага адказу, чаму ўсе пляцоўкі занятыя, не далі

У прэс-службе Менгарвыканкаму раніцай 6 жніўня карэспандэнту Свабоды паабяцалі высьветліць і ператэлефанаваць, чаму пляцоўкі занятыя. Пазьней ніводзін з трох тэлефонаў прэс-службы не адказваў.

У ЦВК у першай палове дня зь цяжкасьцю ўдалося датэлефанавацца толькі да намесьніка загадчыка аддзелу арганізацыйнай, прававой і мэтадычнай працы Івана Толкача.

«Я сам не валодаю сытуацыяй, у мяне іншы кірунак. Я ня ў курсе», — адказаў Іван Толкач.

На пытаньне, хто можа пракамэнтаваць, спадар Толкач адказаў, што толькі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

«Спрабуйце датэлефанавацца да Лідзіі Міхайлаўны. Я ўсё разумею, шмат людзей хочуць датэлефанавацца, колькасьць ліній абмежаваная. Праўда, гэта не маё пытаньне. Зьвязвайцеся з гарвыканкамам», — параіў адказны супрацоўнік ЦВК.

І дадаў: «Магу меркаваць, што калі выдзяляюцца месцы для агітацыі ў парку, гэта ж не азначае, што выдзяляецца ўвесь парк. Магчыма, дадуць пляцоўку побач у іншым месцы гэтага парку».

На пярэчаньне, што не даюць, Іван Толкач паўтарыў, што толькі спадарыня Ярмошына валодае інфармацыяй.

Пасьля абеду ў прыёмнай ЦВК Свабоду накіравалі ў Менгарвыканкам.

«Пляцоўкі выдзяляе і разьмяркоўвае Менгарвыканкам. ЦВК да гэтага ніякага дачыненьня ня мае».

На пытаньне, ці можа ЦВК неяк уплываць на Менгарвыканкам, сакратарка адказала, што гэта не ў кампэтэнцыі ЦВК.

Ярмошына казала «накіраваць лісты падзякі» Сяргею Ціханоўскаму і Міколу Статкевічу

Месяц таму старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла, чаму Менгарвыканкам выдзеліў такія нязручныя месцы. Яна параіла, каб Андрэй Дзьмітрыеў «публічна накіраваў лісты падзякі» Сяргею Ціханоўскаму і Міколу Статкевічу.

Маўляў, «калі спадар Ціханоўскі ператварыў пікеты па зборы подпісаў у палітычныя агрэсіўныя мерапрыемствы, якія маглі наогул невядома чым скончыцца», калі да яе «зьбіраліся прыйсьці дамоў пад выглядам пікету», гэта прывяло да рашэньняў мясцовых уладаў аб абмежаваньні месцаў для агітацыі, — патлумачыла Ярмошына. Гэта яна казала і ў інтэрвію РИА Новости.

Ад Саладухі да «Беларусіяды»

У найбольш «цэнтральным» месцы для дазволенай агітацыі — парку Дружбы народаў — праходзіць грандыёзнае сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў (якія скасавалі ў 2006 годзе). Забаўляць народ будзе Аляксандар Саладуха.

6 жніўня раніцай парк занялі вайскоўцы і ўсталявалі тут нават рэйкі. Што адбывалася ў парку Дружбы народаў, можна паглядзець тут.

У парку імя Грэкавай, што паміж Серабранкай і Чыжоўскім вадасховішчам, — раённае сьвята «Фарбы лета».

У Тучынскім сквэры, што ў раёне былога кінатэатра «Сучасьнік», заплянавана «Сьвята здароўя і спорту», а ўвечары дыскатэка. Дарэчы, СМІ пастаянна пішуць, што Тучынскі сквэр неабходна тэрмінова добраўпарадкаваць, выглядае ён вельмі ўбога.

У парку імя 50-годзьдзя Кастрычніка, што ў Заводзкім раёне побач зь Менскім падшыпнікавым заводам, заплянаваная моладзевая акцыя #Разам.

У Кіеўскім сквэры, што паміж вуліцамі Арлоўскай і Кахоўскай, — Дзень адчыненых дзьвярэй установаў дадатковай адукацыі.

У сквэры імя Жукава (паміж вуліцамі Чыгуначнай і Мініна) — спартова-аздараўляльнае сьвята «Беларусіяда».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG