Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус: важны ня дзень выбараў у Беларусі, але першы дзень пасьля іх


Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што важны ня столькі сам дзень выбараў прэзыдэнта ў Беларусі, колькі першы дзень пасьля гэтых выбараў. Словы Лінкявічуся прыводзіць партал Delfi.lt

«Дзень пасьля выбараў і зьяўляецца самым важным. На сам дзень выбараў я не рабіў бы прагнозаў, што можа здарыцца нешта асаблівае. (...) Важны першы дзень пасьля выбараў, калі будуць абвешчаныя вынікі. Тады вельмі важная рэакцыя ўлады і апазыцыі на гэтыя вынікі.

Вось тады і будзе відаць, наколькі грамадзтва дарасло да гэтага павароту, пераменаў, што мацнейшае: страх або немагчымасьць далей жыць у тых умовах, якія ёсьць цяпер. Гэта ўжо будзе залежаць ад саміх жыхароў Беларусі, і сапраўды толькі яны самі могуць вырашаць», — заявіў у чацьвер радыёстанцыі Žinių radijas Лінас Лінкявічус.

Ён таксама лічыць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі праходзяць непразрыста, без датрыманьня міжнародных прававых нормаў. На выбары не дапусьцілі патэнцыйных супернікаў Аляксандра Лукашэнкі, а таксама міжнародных назіральнікаў.

Літва, адзначыў міністар, уважліва назірае за сытуацыяй у суседняй краіне, атрымлівае інфармацыю і ад уладаў, і ад прадстаўнікоў апазыцыі.

«Адзінае наша чаканьне і патрабаваньне, каб не выкарыстоўваліся залішнія сілы, а таксама гвалт супраць дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазыцыі, бо, магчыма, гэта адбудзецца пад прыкрыцьцём менавіта абароны ад вонкавага ворагу або ад нестабільнасьці», — дадаў міністар.

Падобную заклапочанасьць Лінас ЛІнкявічус выказаў і некалькі дзён таму у размове па тэлефоне зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG