Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША паабяцаў апублікаваць справаздачу, у якой гаворыцца пра тое, што Крэмль стварае разгалінаваную «экасыстэму», з дапамогай якой ён распаўсюджвае дэзынфармацыю аб каранавірусе ды іншыя прапагандысцкія матэрыялы. Мэта — увесьці аўдыторыю ў замяшаньне і стварыць пачуцьцё страху.
«Экасыстэма заснаваная на пяці слупах, — заявіла прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Леа Гэбрыэл. — Гэта афіцыйныя ўрадавыя паведамленьні; фінансаваныя дзяржавай матэрыялы, якія распаўсюджваюцца па сьвеце; культываваньне дружалюбных крыніц інфармацыі; выкарыстаньне сацыяльных сетак у якасьці зброі і распаўсюджваньне дэзынфармацыі з дапамогай кібэрсродкаў».
Аўтары справаздачы ўскладаюць на Крэмль непасрэдную адказнасьць за стварэньне і разьвіцьцё гэтай экасыстэмы ў межах маштабнай стратэгіі выкарыстаньня інфармацыі як зброі. У справаздачы згадваецца сем сайтаў, да паслуг якіх зьвяртаецца Крэмль. Самы буйны і папулярны зь іх Global Research, які базуецца ў Канадзе. Асноўная іх мэта — тыражаваньне кансьпіралягічных вэрсій, зьвязаных з пандэміяй каранавірусу, і лжывай інфармацыі ў многіх пытаньнях»,
У заяве расейскай амбасады ў Вашынгтоне гэтая справаздача характарызуецца як спроба прадухіліць аднаўленьне супрацоўніцтва паміж ЗША і Расеяй у галіне бясьпекі.
«Любыя галасы, якія супярэчаць Вашынгтону, кваліфікуюцца як „дэзынфармацыя“ на службе Крамля і расейскай выведкі», — заявіў прэс-сакратар амбасады РФ Мікалай Лахонін.