Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей заявіў, што беларускі рэжым моцны, а сытуацыя пад кантролем. Што яшчэ сказаў кіраўнік МЗС? 

абноўлена

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ўлады не зацікаўленыя ў пагаршэньні адносінаў з Захадам на фоне выбараў прэзыдэнта. Пра гэта ён заявіў падчас імпрэзаў у гонар 75-годзьдзя Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як перадае «Інтэрфакс», кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі пацьвердзіў намер запрасіць міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня.

Пры гэтым ён запэўніў, што спробы перадвыбарнай дэстабілізацыі ў краіне марныя, а разьлік, што «рэжым слабы», тым больш, — адзначыў Уладзімер Макей.

«Гэта памылка многіх вонкавых, унутраных сілаў — думаюць, што рэжым слабы. Успамінаюць 2010 год, тады думалі таксама, што рэжым слабы, а цяпер — яшчэ больш слабы. Рэжым моцны, спакойны, перадвыбарчая сытуацыя пад кантролем», — запэўніў міністар.

Таксама ён ня выключыў, што ў найбліжэйшыя дні можа адбыцца паўторная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Яны сустракаліся 24 чэрвеня падчас вайсковага параду ў Маскве, але перамовіцца практычна не ўдалося. Чарговую аўдыенцыю ў Крамлі заплянавалі на 30 чэрвеня.

Што яшчэ расказаў Макей

(паводле Tut.by)

  • Пра заяву Лукашэнкі аб замежным умяшаньні ў выбары: «Калі прэзыдэнт сказаў, значыць, ён валодае адпаведнай інфармацыяй. Тая інфармацыя, якой валодае міністэрства, таксама дазваляе ў пэўнай меры меркаваць аб тым, што некаторыя рэчы не могуць узьнікнуць спантанна, а яны арганізаваны. У прыватнасьці, вялікая колькасьць гэтых фэйкаў, якія служаць падставай для выхаду на вуліцы і да таго падобнае. Ведаеце, бо некаторыя вашы калегі з незалежных СМІ, тэлеграм-каналаў неафіцыйна так сарамліва нам кажуць, што „нам прапануюць пэўныя сумы, каб мы разьмясьцілі інфармацыю адпаведнага зьместу аб адпаведных пэрсонах“».
  • Пра чуткі, нібы ў сына Лукашэнкі знайшлі 840 млн даляраў у швайцарскім банку: «Банк сёньня абверг. Але мы афіцыйна запыталі ў швайцарскага боку, каб яны нам далі гэтую інфармацыю. Ведаеце, калі я быў памочнікам, старшынём прэзыдэнцкай адміністрацыі, напэўна, я больш ведаў пра асабістае жыцьцё прэзыдэнта і ў тым ліку аб магчыма яго фінансавых рахунках і іншым. Абсурд у тым, што тыя, хто ўкідае вось гэтую навіну, яны зыходзяць з таго, што адбываецца ў іхных краінах. Не сакрэт, што ў многіх дзяржавах, ня буду называць іх, сам працэс знаходжаньня ва ўладзе зьвязаны з сур'ёзным узбагачэньнем. Дык вось я хачу адназначна сказаць: у Беларусі такога не было, няма і ня будзе».
  • Пра заявы Лукашэнкі аб «бабічаўскіх» і «нязыгараўскіх» (то бок расейскіх) фэйках: «Напэўна, прэзыдэнт меў дастаткова падставаў, каб зрабіць такія сьцьвярджаньні».
  • Пра заявы Лукашэнкі аб «лялькаводах» з «Газпраму»: «Ведаеце, мне вельмі спадабаліся ацэнкі Зянона Пазьняка, ацэнкі некаторых сытуацыяў у Беларусі, некаторых кандыдатаў. Я шмат у чым зь ім згодны, гэта тое, што называецца „бачыць здалёк — бачыць трапна“, ён бачыць дакладна, што адбываецца, і ацэнкі дае адэкватныя. Думаю, калі б ён быў у Беларусі і меў больш інфармацыі, ён даў бы яшчэ больш дакладную ацэнку сытуацыі. Ідзе расьсьледаваньне».
  • Пра палітычных зьняволеных: «Трэба больш акуратна абыходзіцца з такога роду азначэньнямі — палітычны вязень, не палітычны вязень. Мы таксама маглі б прывесьці масу прыкладаў, калі ў некаторых іншых краінах затрымліваюцца дзясяткі тысяч, сотні людзей».​
  • Пра праваабарончы цэнтар «Вясна», ліквідаваны дзяржавай у 2003 годзе, але актыўны дагэтуль: «„Вясна“ займаецца гэтым пытаньнем (палітвязьняў. — РС)? Добра, гэта сьведчыць аб тым, што створаная магчымасьць для дзейнасьці ў нашым грамадзтве розных структураў, у тым ліку і апанэнтаў улады. Гэта пацьвярджае тое, што мы спакойна рухаемся да дэмакратыі, да правоў чалавека».
  • Пра паказьнік таго, што насьпелі перамены: «Сацыяльныя сеткі ці некаторыя рэчы, якія адбываліся, „ланцугі салідарнасьці“ і іншае — для мяне асабіста не паказьнік, што насьпелі такія страшныя перамены. [...] Я ня думаю, што празь нейкія дзеяньні на вуліцах можна зьмяніць сытуацыю. Я адназначна лічу, перакананы, і наўрад ці вы аспрэчыце, што за апошнія 4-5 гадоў пасьля таго, як пачалі аднаўляцца стасункі з Эўразьвязам, іншымі заходнімі краінамі, мы дасягнулі большага, чым за папярэднія 15-16 гадоў санкцыяў. І зараз, калі мы рэальна пачалі працаваць над дывэрсыфікацыяй зьнешнепалітычнай і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, разьвіцьцё падзеяў па непажаданым сцэнары паставіла б кропку на гэтай сфэры. У маім разуменьні, гэта нікому ня трэба і нікому ня выгадна. Больш за тое, гэта адназначна паставіць пад пагрозу саму дзяржаўнасьць нашай краіны».
  • Пра тое, «як дабіцца пераменаў, калі прэтэндэнта ў прэзыдэнты саджаюць у турму»: «Калі былі ўчыненыя нейкія дзеяньні, значыць, напэўна былі сур'ёзныя падставы для гэтага. Я не ўяўляю, як можа дзейны прэзыдэнт, адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты, прыняць такое рашэньне ў разгар сурʼёзнай палітычнай кампаніі, ня маючы на тое досыць сурʼёзных падставаў. Напэўна, былі ўзважаныя ўсе за і супраць і прынятыя адпаведныя рашэньні».
  • Пра 10 жніўня — дзень пасьля выбараў: «Я хачу прачнуцца ў спакойнай, свабоднай, міралюбівай краіне, дзе мы будзем будаваць агульную будучыню агульнымі сіламі. [...] Па-нашаму, прывядзе гэтую краіну ў будучыню любы выбраны дэмакратычным спосабам прэзыдэнт».​

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG