Былы старшыня Эўрапейскай рады (2014–2019) і цяперашні кіраўнік Эўрапейскай народнай партыі Дональд Туск зьвярнуўся з адкрытым лістом да беларускага народу, у якім выказаў падтрымку кандыдатцы ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай і ўсім, хто ў краіне змагаецца за свабоду, вяршэнства закону, дэмакратыю і годнасьць.
На пачатку свайго звароту Дональд Туск выказаў захапленьне мужнасьцю беларусаў:
«Увесь сьвет накіраваў свой позірк на вашу краіну: мы захапляемся вашай мужнасьцю і вашай вялікай рашучасьцю. І мы вельмі заклапочаныя, але ў першую чаргу, мы вельмі ганарымся вамі!»
Паводле былога старшыні Эўрапейскай рады, Беларусь належыць да эўрапейскай сям’і народаў:
«Усе, хто ня верыў, што Беларусь — гэта сучаснае эўрапейскае грамадзтва, памыляліся! У апошнія тыдні і месяцы мы ўбачылі шматлікія ініцыятывы, якія зыходзілі ад усяго грамадзтва, вашу мірную моц і вашу моцную волю да мабілізацыі і самаарганізацыі. Мы ўбачылі надзею і дух вашай краіны, якія знайшлі свой выраз праз маладое, сучаснае жаночае аблічча».
Як кіраўнік Эўрапейскай народнай партыі, Дональд Туск паабяцаў падтрымку тым у Беларусі, хто выступае за правы чалавека і незалежную Беларусь:
«Мы на вашым баку, каб працаваць разам і падтрымліваць вас. Як Эўрапейская народная партыя мы разам з нашымі партнэрамі працягваем руку ўсім, хто паважае і абараняе правы чалавека і бяз гвалту выступае ў падтрымку незалежнай, сувэрэннай, свабоднай і мірнай Беларусі ў нашым агульным эўрапейскім суседзтве».
І дадаў:
«Мы ўважліва назіраем за кампаніяй галоўнай дэмакратычнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, якая мужна ўступіла ў гэтую выбарчую кампанію пасьля арышту мужа».
Далей Дональд Туск падкрэсьліў:
«Толькі вы, беларусы, можаце вырашыць, у якой краіне вы хочаце жыць! Ня бойцеся зрабіць свой выбар і прытрымлівацца свайго выбару».
Спасылаючыся на свой польскі досьвед змаганьня за дэмакратыю, былы старшыня Эўрапейскай рады заклікаў:
«Зьвяртайцеся да дзяржаўных службоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі — на вуліцах, падчас акцый пратэсту, у сацыяльных мэдыях. Шмат хто зь іх ведае: дэмакратычная і квітнеючая Беларусь прынясе добрую будучыню таксама і для іхных дзяцей! Некаторыя зь іх усё яшчэ маюць сумневы — як гэта было і ва Ўкраіне. Вы будзеце зьдзіўленыя, як шмат зь іх маюць такія самы жаданьні і імкненьні, як і вы».
Дональд Туск таксама зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі:
«Я зьвяртаюся да прэзыдэнта Лукашэнкі і да беларускіх уладаў, каб яны дазволілі людзям выбіраць сваю будучыню, падтрымалі свабодныя і сумленныя выбары і ўстрымаліся ад гвалту.
Я заклікаю неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць ціск на незалежных журналістаў».
Ангельскі тэкст ліста сканчаецца па-беларуску:
«Няхай жыве вольная і незалежная Беларусь!»
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.