Былы старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск сказаў, што Brexit стаў «адной з самых грандыёзных памылак» (one of the most spectacular mistakes) у гісторыі Эўразьвязу.
У інтэрвію брытанскаму выданьню The Guardian Туск прызнаў, што Brexit быў «самым балючым і сумным досьведам» падчас ягонага пяцігадовага прабываньня на пасадзе ў Брусэлі.
«Гэта чыстая ілюзія [думаць], што лягчэй будаваць добрыя адносіны зь Вялікабрытаніяй, калі яна знаходзяцца навонкі [Эўразьвязу]», — адзначыў ён.
Туск таксама пакрытыкаваў прэзыдэнта Францыі Эмануэля Макрона за выказваньне пра «сьмерць мозгу» NATO і за ягоны супраціў пачаць размовы з Паўночнай Македоніяй і Альбаніяй аб іх далучэньні да Эўразьвязу.
«Калі мы хочам ставіцца да Макрона як да будучага лідэра ўсёй Эўропы ў палітычным сэнсе, то для гэтага нам патрэбен палітык, які адчувае больш адказнасьці за ЭЗ у цэлым, а ня толькі за Францыю», — сказаў былы прэм’ер-міністар Польшчы.
Туск, які пакінуў сваю брусэльскую пасаду з канцом лістапада, 20 лістапада на кангрэсе ў Заграбе быў выбраны старшынём Эўрапейскай народнай партыі. Эўрапейская народная партыя (якая ўяўляе сабою кааліцыю партый права-цэнтрысцкага спэктру) цягам двух апошніх дзесяцігодзьдзяў утрымлівае ў Эўрапарлямэнце (у якім 751 дэпутат) найбольшую фракцыю (цяпер у яе 182 мандаты).