Уладзімер Сазанчук — адвакат, які бароніць фігурантаў «справы Ціханоўскага»: лідэра «Народнай грамады» Міколу Статкевіча і блогера Зьмітра Казлова («Шэрага катá»). Юрыст выслаў рэдакцыі Tut.by зварот, у якім абураецца парушэньнямі нормаў у судах.
На што скардзіцца адвакат:
- Пра новую крымінальную справу за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (арт. 293 КК РБ) супраць Статкевіча ён даведаўся не ад прадстаўнікоў сьледзтва, якія мусілі ў яго прысутнасьці паведаміць кліенту пра справу, а ад жонкі Статкевіча, якая прачытала гэта ў СМІ.
- Разгляд скаргаў Казлова і Статкевіча на ўвязьненьне прызначылі на адзін і той жа дзень з розьніцай у 10 хвілінаў, просьбу перанесьці разгляд другой скаргі на адну гадзіну праігнаравалі.
- Разгляд скаргі Казлова заняў 15 хвілінаў. Калі адвакат выйшаў з залі, даведаўся, што скаргу Статкевіча ўжо разгледзелі безь яго, а судзьдзя ўжо пісаў пастанову. Парушэньне права Статкевіча на абарону нікога не зацікавіла.
- У Менскім гарадзкім судзе сакратарка адмовілася выдаць на рукі адвакату копію судовай пастановы аб увязьненьні Статкевіча, нават сфатаграфаваць дакумэнт.
Сазанчук абураецца: «Каму трэба такое правасудзьдзе?»
Месяц таму, адзначае Tut.by, Сазанчук адмовіўся даваць падпіску аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва. Яшчэ тады ён казаў, што яму сорамна ўдзельнічаць у «прававым бясчынстве, робячы выгляд, што ад цябе нешта залежыць»:
«Калі крымінальная справа высмактаная з пальца, для таго, каб зрабіць выснову аб адсутнасьці ў дзеяньнях усіх гэтых арыштаваных хлопцаў складу злачынства, ня трэба нават быць юрыстам, а зь цябе патрабуюць падпіску пра невыдаваньні зьвестак папярэдняга сьледзтва ў справе, — пісаў тады Сазанчук. — Якога сьледзтва, якой справы?»
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.