Увечары 14 ліпеня Мікалая Бібліса затрымалі, калі ён сыходзіў з чаргі да Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пры затрыманьні яму выбілі пярэдні зуб. У адной з прыватных стаматалёгій даведаліся пра здарэньне і прапанавалі дапамогу.
«Вялікая сіла салідарнасьці, — сказаў Мікалай Свабодзе. — Са мной зьвязаліся людзі і прапанавалі дапамагчы».
Аднаўленьне зуба каштавала б у гэтай стаматалёгіі 700 эўра. Але зь Мікалая ўзялі грошы толькі за матэрыялы — каля 200 рублёў.
Гэта ня першы выпадак салідарнасьці зь людзьмі, што пацярпелі падчас затрыманьняў. Ініцыятыва BY_help сабрала 170 тысячаў даляраў, каб каб аплачваць штрафы затрыманым на мітынгах і пікетах салідарнасьці.
Паводле інфармацыі аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, цяпер у Беларусі 200 фірмаў прапануюць дапамогу з працаўладкаваньнем і перанавучаньнем людзей, якія пацярпелі ці страцілі працу падчас выбарчай кампаніі.
«Вельмі прыемна, калі ты разумееш, што ты не адзін з усім гэтым застаўся, — сказаў Мікалай. — Людзі зьвяжуцца з табой і табе дапамогуць».