Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барда Кудласевіча забралі падчас прагулкі з сабакам. Ён на Акрэсьціна


Анатоль Кудласевіч
Анатоль Кудласевіч

Сабаку прывялі дахаты суседзі.

Адміністрацыйны арышт прысудзіў Фрунзэнскі раённы суд беларускаму барду і пісьменьніку Анатолю Кудласевічу. Гэта пацьвердзілі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, але тэрмін арышту не назвалі. «Такі адбывае ў нас адміністрацыйны арышт», — сказаў дзяжурны ЦІП.

За што арыштавалі Анатоля Кудласевіча, пакуль ня ведае і ягоная жонка Вераніка.

«У яго быў суд у чэрвені, за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Далі 10 сутак, але не забралі. Гарадзкі суд пастанову адмяніў і вярнуў справу на разгляд у той жа Фрунзэнскі раённы суд. У мінулы аўторак мусіў быць працэс, але не адбыўся, бо не прыйшоў сьведка.

Анатоль спадзяваўся на справядлівы разгляд. Ён ня думаў, што схопяць на вуліцы. Учора раніцай пайшоў гуляць з сабачкам і не вярнуўся. Ужо суседзі злавілі сабачку і прывялі дамоў, ад Анатоля зьвестак ніякіх няма», — расказала карэспандэнту Свабоды жонка Анатоля Кудласевіча Вераніка.

Анатоль Кудласевіч, архіўнае фота (2010 год)
Анатоль Кудласевіч, архіўнае фота (2010 год)

7 чэрвеня Анатоль Кудласевіч быў на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ды іншых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта, які праходзіў каля Камароўскага рынку. Пасьля пікету затрымалі Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчык ды іншых актывістаў.

Мяркуецца, барда Анатоля Кудласевіча, які сьпяваў свае песьні для ўдзельнікаў пікету, таксама прыцягнулі да адказнасьці за гэтую акцыю. Удакладніць у Фрунзэнскім раённым судзе пакуль не ўдаецца — тэлефон супрацоўніцы, якая адказвае за сувязі з мэдыя, маўчыць.

2 жніўня пра зьнікненьне Анатоля Кудласевіча падчас прагулкі паведаміў у «Фэйсбуку» ягоны сябра, паэт Валер Пазьнякевіч. Сёньня стала вядома, што міліцыянты прыйшлі і да аўтара гэтага паведамленьня.

«Сёньня Пазнякевіч напісаў: «Толькі што, у 9:40, да пад’езду майго дома падʼехаў міліцэйскі „УАЗ“ і яшчэ адзін легкавы аўтамабіль. Будуць браць». «У кватэры Пазьнякевіча старэнькая мама на мыліцах», — напісала на сваёй старонцы сябра Беларускага саюзу пісьменьнікаў Тацяна Нядбай. Тэлефонная сувязь з Валерам Пазьнякевічам цяпер адсутнічае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG