Раніцай 25 ліпеня зь ізалятара на Акрэсьціна выпусьцілі актывіста анархісцкага руху Зьмітра Паліенку, які адбываў там 15 сутак арышту. Празь яго палівязень Павал Севярынец перадаў, калі яго вызваляць: хутчэй за ўсё, 21 жніўня а 16-й гадзіне.
Некалькі дзён Зьміцер Паліенка сядзеў у карцэры побач з карцэрам, дзе знаходзіўся Павал Севярынец. Яны перагаворваліся празь сьцяну, распавёў Свабодзе Паліенка.
«Павал трымаецца, перадаваў усім прывітаньне і словы „Жыве Беларусь“. Сказаў, што вызваліць яго мусяць 21 жніўня а 16-й гадзіне. Пра сябе перадаваў, што пачуваецца нармальна», — распавёў Зьміцер Паліенка.
Сваякі чакалі, што Паўла выпусьцяць 22 ліпеня пасьля 45 сутак арышту.
Раніцай 22 ліпеня жонка зь ІЧУ маці Паўла Тацяне Севярынец па тэлефоне сказалі, што Паўла неўзабаве вызваляць. Праз пару гадзін жонцы палітвязьня Вользе таксама пацьвердзілі, што яго вызваляць — па завяршэньні тэрміну.
22 ліпеня на Акрэсьціна сустракаць Паўла прыйшло больш за 70 чалавек, але яго так і не выпусьцілі.
Пазьней прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава выказала здагадку, што жонка Севярынца «недачула», што ёй сказалі з нагоды яго вызваленьня.
«У мяне пытаньне, хто ёй гэта паведаміў, — сказала яна. — У нас ніхто такога ня мог сказаць, таму што ўсе ведаюць, што яго не адпускаюць. Адкуль яны гэта ўзялі, я не разумею. Можа, яна недачула? Яна не запісала размовы?» — зьдзіўлена запыталася Чамаданава.
Павал Севярынец быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 7 чэрвеня па дарозе дадому. У дачыненьні яго было вынесена, як мінімум, тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.
Таксама ў яго засталіся неадбытымі 30 сутак арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019 года і студзені 2020.
Такім чынам, агульная працягласьць адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца можа скласьці ня менш за 105 сутак, што перавысіць максымальны тэрмін (да трох месяцаў) арышту, які прадугледжаны як від пакараньня Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.