Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч, Кавалькова, Хашчавацкі, АГП і БХД. Хто падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую


Сьвятлана Ціханоўская (у цэнтры) на перадвыбарчым пікеце ў Менску, 19 ліпеня 2020 году
Сьвятлана Ціханоўская (у цэнтры) на перадвыбарчым пікеце ў Менску, 19 ліпеня 2020 году

У сьпісе давераных асобаў, пададзеным у ЦВК, няма ні Марыі Калесьнікавай, ні Веранікі Цапкалы.

Першыя выбарчыя пікеты Сьвятланы Ціханоўскай прайшлі ў мінулую нядзелю, 19 чэрвеня, у Дзяржынску і Менску. Сталічны, які адбыўся ў парку ля плошчы Бангалор, сабраў больш за сем тысяч удзельнікаў.

Акрамя Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы, там выступала таксама сустаршыня БХД Вольга Кавалькова. Як стала вядома Свабодзе, Вольга ўвайшла ў выбарчы штаб Сьвятланы і цяпер займаецца там каардынацыяй дзеяньняў.

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

«Так, гэта праўда, — пацьвердзіла Кавалькова гэтую інфармацыю ў размове са Свабодай. — Таксама я стала даверанай асобай Сьвятланы. Акрамя мяне, зь вядомых людзей у сьпісе давераных асобаў Мікалай Казлоў, Юры Хашчавацкі, Вераніка Мішчанка».

Акрамя іх, у сьпіс давераных асобаў Сьвятланы Ціханоўскай таксама ўвайшлі муж Сяргей Ціханоўскі, берасьцейскі палітык Мікалай Маслоўскі, «акумулятаршчык» Уладзімер Мароз, Мікалай Статкевіч, Вераніка Мішчанка, маці Паўла Севярынца Тацяна Севярынец, блогер Павал Сьпірын, старшыня Беларускай партыі жанчын «Надзея» Валянціна Палевікова і іншыя.

Па словах Мікалая Казлова, ягоная партыя прыняла рашэньне падтрымаць Ціханоўскую на выбарах, і цяпер АГП працуе на карысьць штабу гэтай кандыдаткі.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Мы ў партыі прынялі рашэньне, што будзем падтрымліваць Ціханоўскіх, Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, — паведаміў Свабодзе выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў. — Цапкалу і Бабарыку не зарэгістравалі, засталася Сьвятлана Ціханоўская. Сьвятлана зьвярнулася да мяне, прапанавала быць яе даверанай асобай, я з задавальненьнем пагадзіўся. Гэта і партыйная пазыцыя, і мая асабістая. Партыя будзе актыўна ўдзельнічаць у кампаніі Сьвятланы. Будзем аказваць усю дапамогу, якая толькі магчымая».

Такую ж пазыцыю займае і БХД. Пра гэта ў размове са Свабодай паведаміў Віталь Рымашэўскі. Сам палітык не ўвайшоў у ініцыятыўную групу Ціханоўскай, аднак у яе штабе працуе некалькі хрысьціянскіх дэмакратаў.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Там ня толькі Вольга Кавалькова ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, — кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — У штабе Сьвятланы Ціханоўскай ад БХД працуе ня менш за чатыры чалавекі. У тым ліку Тацяна Севярынец зьяўляецца даверанай асобай. Яна рэгіянальны каардынатар.

БХД падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую. У прынцыпе, калі трэба, мы зробім афіцыйную заяву пра гэта. Мы дапамагаем у распрацоўцы праграмы, выступаў. Я ўдзельнічаю па меры магчымасьці, бо зьяўляюся нацыянальным каардынатарам праграмы „Права выбару“. Мы дапамагаем Сьвятлане ўсім, чым можам. Я лічу, што сёньня іншага кандыдата ў нас няма. Мы заклікаем галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG