Нягледзячы на тое, што перашкоды прадстаўнікам СМІ пры выкананьні імі іх службовых абавязкаў парушаюць Крымінальны кодэкс, сілавікі за апошні час затрымалі больш за 40 журналістаў.
Некаторыя абмежаваліся паездкай у РУУС, іншым давялося адседзець 10 сутак, піша Tut.by.
Найбольш пацярпеў карэспандэнт Радыё Свабода Антон Трафімовіч. 15 ліпеня ён вёў трансьляцыю з акцыі ў Менску. Падчас затрыманьня яму зламалі нос і даставілі ў Заводзкае РУУС. Журналіст напісаў заяву ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту Маскоўскага раёну, яму выдалі накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу. 17 ліпеня, калі ён прыехаў здымаць пабоі, яго зноў затрымалі. Маўляў, вядзецца адміністрацыйны працэс па арт. 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы).
15 ліпеня таксама затрымалі карэспандэнтку БелаПАН Віялету Саўчыц. Яе звазілі ў міліцыю і праз гадзіну адпусьцілі.
Міхаіла Аршынскага, які супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат», 7 траўня затрымалі і арыштавалі на 10 сутак за тое, што вёў стрым з акцыі ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве. Да гэтага яго двойчы штрафавалі ў сакавіку і красавіку на 594 і 540 рублёў за парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Неаднаразова затрымлівалі Аляксандра Баразенку, які працуе апэратарам на тэлеканале «Белсат». 9 траўня яго спынілі па дарозе на «Антыпарад» у Бабруйск і адвезьлі ў Пухавіцкі РАУС у Мар’інай Горцы. Прычынай нібыта стаў нумар машыны, які выклікаў «падазрэньні» ў супрацоўнікаў ДАІ. 4 чэрвеня Баразенку затрымалі ў Бабруйску, дзе Сьвятлана Ціханоўская праводзіла пікет па зборы подпісаў. На журналіста склалі пратакол за парушэньне артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу. Разам зь ім затрымалі фрылансэрку Алену Дубовік.
17 чэрвеня Аляксандра затрымалі ўжо ў Салігорску, дзе праходзіў пікет па зборы подпісаў у падтрымку Віктара Бабарыкі. Склалі чарговы пратакол і забралі тэхніку на экспэртызу.
9 траўня ў Бабруйску падчас «Антыпараду» затрымалі журналіста Алеся Асіпцова. Суд пакараў яго 10 суткамі арышту. Журналіст трымаў галадоўку пратэсту зь першага да апошняга дня арышту.
Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову, якая супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат», міліцыя затрымала і адвезла ў РАУС, калі яна ехала ў таксі на пікет па зборы подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. У аддзяленьні ёй уручылі позву на судовае паседжаньне па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу — парушэньне заканадаўства аб СМІ. Да гэтага яе ўжо чатыры разы штрафавалі па гэтым артыкуле. Агульная сума штрафаў — 3780 рублёў.
12 траўня на 10 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі актывіста Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з Deutsche Welle. 6 траўня, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага, ён знаходзіўся побач з Магілёўскім ізалятарам часовага ўтрыманьня, куды павінны былі прывезьці блогера. 15 траўня стала вядома пра затрыманьне рэпартэра Аляксандра Буракова-малодшага. Журналіст асьвятляў акцыі, якія праходзілі ў Магілёве 5 і 6 траўня. Яму таксама далі 10 сутак арышту.
Шмат разоў сілавікі перашкаджалі працы супрацоўнікаў «Белсату» Галіны Абакунчык і Сяргея Кавалёва. 5 чэрвеня іх затрымалі ў Жодзіне і склалі пратакол за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. У выніку суд прысудзіў абаім штраф па 945 рублёў. Яшчэ раз Галіну затрымалі ў Салігорску 17 чэрвеня. У яе забралі мабільны тэлефон на экспэртызу і склалі пратакол па артыкуле 22.9 Адміністратыўнага кодэксу.
10 чэрвеня Сяргея Кавалёва затрымалі яшчэ з адным журналістам «Белсату» Дзьмітрыем Міцкевічам у Горадні. Камэру і мабільныя тэлефоны забралі на экспэртызу. 18 чэрвеня суд даў ім штрафы: Сяргею — 1080 руб, Дзьмітрыю — 945.
19 чэрвеня беларусы выйшлі на «акцыі салідарнасьці». Тут былі масавыя затрыманьні журналістаў. У Менску схапілі журналістаў Радыё Свабода Аляксандру Дынько і Андрэя Рабчыка, а таксама Ірыну Арахоўскую зь «Белсату», Уладзімера Косьціна з Reuters, Марыю Вайтовіч і Арцёма Маёрава з «Эўрарадыё», фотакарэспандэнта Tut.by Вадзіма Заміроўскага, журналістак Onliner.by Настасьсю Занько і 112. ua Ірыну Кардаш.
У Магілёве перашкаджалі працаваць журналістцы Tut.by Анжаліцы Васілеўскай і незалежнаму журналісту Алесю Сабалеўскаму. У Бабруйску ў РАУС адвезьлі журналістку сайта Bobr.by Алесю Лацінскую. Яе мужа Сяргея Лацінскага, журналіста і праваабаронцу, затрымалі і далі 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Яшчэ адным затрыманым у Бабруйску стаў журналіст «Вечернего Бобруйска» Дзяніс Носаў. Яго адпусьцілі без пратаколу.
20 чэрвеня ў Ганцавічах падчас адной з акцый затрымалі журналістаў рэгіянальнага выданьня «Ганцавіцкі час» Сяргея Багрова і Аляксандра Пазьняка. Іх зьбілі ў жывым эфіры. Пазьней суд абвінаваціў журналістаў у непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Сяргею далі 15 сутак, Аляксандар абышоўся штрафам 810 рублёў.
У Менску каля крамы symbal.by, затрымалі пазаштатнага фатографа БелаПАН Андрэя Шаўлюгу. Ён каля 2 гадзін правёў у РУУС.
14 ліпеня ў сталічных РУУС апынуліся журналісты «Эўрарадыё» Міхаіл Ільін і Арцём Маёраў і Tut.by — Аляксей Суднік і Ўсевалад Зарубін, пазаштатнікі «Новага часу» Арцём Лява, журналісты Радыё Свабода Алесь Пілецкі і Андрэй Рабчык.
Затрымалі таксама Кацярыну Андрэеву і Ігара Ільяша з тэлеканалу «Белсат» і Эндзі Смайта з Бі-бі-сі.
У Гомлі ў гэты дзень на некалькі гадзін у міліцыю адвезьлі журналістаў Надзею Пужынскую, Марыну Драбышэўскую і Юрыя Глушакова.
У Берасьці затрымалі Данілу Палянскага, журналіста парталу «Першы рэгіён». Двое сутак ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання, суд прызнаў яго вінаватым па артыкуле 22.34 Адміністрацыйнага кодэксу і прысудзіў штраф 810 рублёў.
Журналісты незалежных СМІ рыхтуюць сумесную заяву да грамадзкасьці, уладаў і сілавікоў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.