Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца Радыё Свабода: Міліцыя ставілася да нашых журналістаў як да злачынцаў


Журналісты Аляксандра Дынько і Андрэй Рабчык
Журналісты Аляксандра Дынько і Андрэй Рабчык

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа​ / Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з адмысловай заявай наконт затрыманьня 19 чэрвеня ў Менску журналістаў беларускай службы Свабоды Аляксандры Дынько і Андрэя Рабчыка.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Міліцыя ставілася да нашых журналістаў як да злачынцаў, затрымлівала іх, калі яны паведамлялі ў жывым эфіры пра падзеі, зьвязаныя з выбарамі. Гэта адбывалася ў той час, калі міністар інфармацыі пагражаў кіраўніку бюро радыё пазбавіць яго акрэдытацыі праз тое, як беларуская служба асьвятляе падзеі» — гаворыцца ў заяве кіраўніцы RFE/RL.

«Гэта наўпроставыя напады на незалежную прэсу і права грамадзянаў Беларусі атрымліваць інфармацыю пра важныя падзеі ў іх краіне. Яны выклікаюць асаблівую трывогу ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў у краіне 9 жніўня, і мы асуджаем гэтыя напады» — адзначае ў сваёй заяве Дэйзі Сындэлар.

  • З асуджэньнем затрыманьняў журналістаў і мірных дэманстрантаў выступілі 19 чэрвеня амбасады ЗША і Вялікай Брытаніі ў Беларусі.
  • «ЗША заклікаюць урад Беларусі прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязаньняў паважаць асноўныя свабоды і дазволіць народу Беларусі свабодна і мірна зьбірацца, а таксама вызваліць затрыманых, уключаючы журналістаў, якія асьвятляюць сёньняшні мірны сход людзей», — адзначыла амбасада ЗША.
  • «Сёньняшнія масавыя затрыманьні журналістаў і мірных дэманстрантаў па ўсёй Беларусі зьяўляюцца непрымальнымі» — падкрэсьліла дыпляматычнае прадстаўніцтва Вялікай Брытаніі.
  • Затрыманьні мірных дэманстрантаў, журналістаў і актывістаў апазыцыі асудзілі сёньня вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль, а таксама прадстаўнікі Эўрапарлямэнту — старшыня дэлегацыі ЭП для сувязяў зь Беларусьсю Робэрт Бэдрань і сталы дакладчык ЭЗ аб Беларусі Пятрас Аўштравічус.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG